Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два дроны зноў трапілі ў паветраную прастору Літвы

Бесьпілётнік, архіўны здымак
Бесьпілётнік, архіўны здымак

Пра тое, што адпаведныя службы заўважылі гэтыя бесьпілётнікі, паведаміў прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа.

Раней улады Ўцянскага раёну абвясьцілі трывогу. Жыхароў адмысловым паведамленьнем заклікалі прайсьці ў сховішчы і сачыць за паведамленьнямі службаў.

«Зьнішчальнікі NATO ўжо падняліся ў паветра і гатовыя іх зьнішчыць. Прашу вас, атрымаўшы афіцыйнае папярэджаньне, прыняць меры засьцярогі і схавацца ў бясьпечным месцы», — напісаў Гітанас Наўседа ў сваім фэйсбуку.

Пасьля скасаваньня трывогі Ўзброеныя сілы Літвы паведамілі, што гелікоптэр вайскова-паветраных сілаў накіраваны да месца, дзе аб’ект зьнік з экранаў радараў.

Акрамя таго, Наўседа правёў тэрміновую нараду з прэзыдэнтамі Латвіі і Эстоніі.

21 траўня паветраную трывогу трэці дзень запар абвясьцілі і ў Латвіі. Узброеныя сілы краіны напісалі пра магчымую пагрозу пралёту бесьпілётнікаў у Люцынскім, Краслаўскім і Рэжыцкім краях. 21 траўня ў краіну заляцеў як мінімум адзін дрон. На ўсходзе Латвіі, побач зь мяжой Беларусі і Расеі, праз гэта спынялі рух цягнікоў.

МЗС Літвы заявіў, што расейскія вайскоўцы наўмысна перанакіроўваюць украінскія дроны ў краіны Балтыі з дапамогай сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

Папярэднія абвяшчэньні трывогі

Раніцай 20 траўня пад Рыгай (Латвія) праз пагрозу бесьпілётнікаў спынілі пасажырскі цягнік літоўскай кампаніі LTG Link, што накіроўваўся зь Вільні праз Рыгу да мяжы з Эстоніяй.

У Вільні з прычыны дрона, які, імаверна, заляцеў з тэрыторыі Беларусі, на гадзіну спынялі працу аэрапорту. Паветраную трывогу абвяшчалі ў пяці раёнах Літвы — Віленскім, Ігналінскім, Уцянскім, Сьвянцянскім і Езяроскім. Ува ўсіх раёнах людзям рэкамэндавалі перайсьці ў сховішчы.

Тады літоўскія ўлады сьлядоў бесьпілётнікаў не знайшлі.

Наступіла рэакцыя Брусэлю. Старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што Расея і Беларусь «нясуць беспасярэднюю адказнасьць» за сэрыю ўварваньняў бесьпілётнікаў ва ўсходнія краіны ЭЗ пасьля папярэджаньня аб дронах у Літве.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG