19 траўня ў Познані (Польшча) пачаўся III Кангрэс аб палітзьняволеных у Беларусі. Першай падзеяй форуму стане сустрэча беларускіх і польскіх студэнтаў ва ўнівэрсытэце імя Адама Міцкевіча, дзе прэзэнтуюць кнігу «Няскоранае пакаленьне. Галасы беларускай моладзі 2020», абмяркуюць ролю студэнцтва ў пратэстах і патрэбы маладых рэпрэсаваных беларусаў, якія апынуліся ў выгнаньні.
Асноўная пляцоўка III Кангрэсу аб палітзьняволеных у Беларусі запрацуе 21 траўня ў Вільні. У сталіцы Літвы зьбяруцца былыя палітвязьні і сваякі тых, хто застаецца ў няволі, актывісты, валянтэры і палітыкі, засяроджаныя на салідарнасьці з палітвязьнямі, дапамозе ім і барацьбе за вызваленьне. У Вільні Кангрэс працягнецца да 22 траўня.
Крысьціна Шыянок, прадстаўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы, які арганізоўвае Кангрэс пры падтрымцы Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, расказала Свабодзе, чым будзе адметны сёлетні форум і якога выніку чакаюць яго арганізатары.
«21 траўня — Дзень палітзьняволеных у Беларусі, які адзначаецца ў памяць пра гвалтоўную сьмерць палітзьняволенага актывіста Вітольда Ашурка ў шклоўскай калёніі 21 траўня 2021 году. Паколькі першы дзень Кангрэсу ў Вільні супадае з гэтым днём, ён будзе прысьвечаны тэме салідарнасьці і розным яе формам. Праз культуру, мастацтва, літаратуру, кіно мы зазірнём за турэмныя муры, каб убачыць маштаб рэпрэсіяў і адчуць сілу салідарнасьці. Чакаем сустрэчы з прыблізна 50 былымі палітвязьнямі і сваякамі, таксама прыйдуць актывісты, палітыкі — ужо маем каля 200 зарэгістраваных удзельнікаў. У першы дзень таксама будзе паказ мастацкага фільму Мары Тамковіч пра рэпрэсіі ў Беларусі „Пад шэрым небам“, права на паказ якога адмыслова выкупілі для Кангрэсу», — расказала Крысьціна Шыянок.
Паводле задумы арганізатараў, другі дзень Кангрэсу ў Вільні будзе «больш працоўным і вострым».
«Пятніца на Кангрэсе будзе прысьвечаная стратэгічным шляхам пераходу ад фіксацыі злачынстваў да дзеяньняў, якія б паспрыялі разьвязаньню крызісу правоў чалавека ў Беларусі. Адбудуцца экспэртныя панэлі і дыскусіі, у якіх зможа браць удзел кожны наведнік. Падкрэсьлю: ня проста задаваць пытаньні, але і далучацца да мікрафону ў дыскусіі. Абмяркуем мэтады праваабарончай працы, „этыку“ дапамогі ўнутры краіны і, вядома, ацэнім эфэктыўнасьць міжнароднага ціску на рэжым. Гэта, можа, самая балючая тэма. І зьвернем асаблівую ўвагу на ролю беларускіх дыяспараў як крыніцы доўгатэрміновай дапамогі і рухавіка пераменаў», — сказала Крысьціна Шыянок.
На III Кангрэсе аб палітзьняволеных у Беларусі будуць працаваць 7 тэматычных выставаў, а таксама выстава турэмнай літаратуры былых беларускіх палітвязьняў.
Кангрэс арганізаваны ў супрацы з партнэрскімі арганізацыямі і з падтрыманьнем чэскай філіі фонду Rosa Luxemburg Stiftung.
Арганізатары форуму адзначаюць, што мадэратары і сьпікеры будуць працаваць на кангрэсе бясплатна.
Партнэрамі ў правядзеньні сайд-івэнту ў Познані выступаюць беларускія моладзевыя арганізацый LICHTAR, RADA ды іншыя ініцыятывы.
Які вынік мінулых Кангрэсаў
Цяперашні Кангрэс палітвязьняў — ужо трэці з 2024 году, леташні форум адбываўся ў Варшаве і Познані. Пазамінулы Кангрэс прайшоў у траўні 2024 году ў Празе, ён засяроджваўся на магчымых захадах дзеля вызваленьня палітвязьняў.
Пасьля мінулага Кангрэсу былыя палітычныя зьняволеныя, якія мусілі зьехаць з Беларусі пасьля 2020 году, стварылі некалькі новых асацыяцыяў.
Крысьціна Шыянок ацаніла тое, што было карысным на папярэднім Кангрэсе ў Польшчы і што ўдалося зрабіць у выніку:
«Летась вельмі важным быў блёк, дзе выступалі асацыяцыі палітзьняволеных. Гэта дапамагло абазначыць, што зьявіліся новыя актары, якія выконваюць усё большую ролю ў справе, якой мы ўсе заклапочаныя, — вызваленьне палітвязьняў і дапамога. Таксама важнай атрымалася дыскусія пра ролю і працу Міжнароднага гуманітарнага фонду, бо ўдалося пра яго больш расказаць, зьняць некаторыя пытаньні, якія ўзьнікалі. А сёлета мы паспрабуем перавесьці фокус з кароткатэрміновай падтрымкі на доўгатэрміновую. І важна разумець, што Кангрэс ня мае фармату сходу, на якім прымаюцца мэмарандумы ці рашэньні. Гэта хутчэй пляцоўка, і важна, што яна інклюзіўная».
Шыянок пры гэтым заявіла, што хоць Кангрэс ініцыяваны праскім Офісам дэмакратычных сілаў, гэта не азначае яго повязь з адной палітычнай сілай ці адным палітычным вэктарам, наадварот:
«Самае важнае на падобных кангрэсах — што тут мы не гаворым пра палітзьняволеных без палітзьняволеных, якраз іхныя галасы тут галоўныя, а таксама галасы іхных родных», — зазначыла Крысьціна Шыянок, прадстаўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі.