Жанчыну падрапаў беспрытульны кот, па мэдычную дапамогу яна не зьвярталася і курс антырабічных прышчэпак супраць шаленства не прайшла, адзначае ведамства.
Афіцыйна пра сьмерць жанчыны міністэрства не паведамляе, аднак там падкрэсьлілі, што шаленства — «гэта абсалютна сьмяротнае захворваньне». Зьяўленьне клінічных прыкметаў сьведчыць, што «захворваньне ўвайшло ў вострую фазу і лячэньне немагчымае: чалавек гіне ад паралюшу дыхальнай сыстэмы або спыненьня сэрца».
Шаленства ў людзей сустракаецца ў Беларусі вельмі рэдка. Папярэдні выпадак захворваньня чалавека на шаленства зафіксавалі ў Беларусі ў 2012 годзе, паведаміла на прэс-канфэрэнцыі 10 верасьня 2025 году загадчыца аддзяленьня асабліва небясьпечных інфэкцыяў аддзелу эпідэміялёгіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Анастасія Ляшкевіч, успомніла агенцтва «Позірк».
Паводле яе, пасьля гэтага дзякуючы «зьніжэньню колькасьці захворваньняў на шаленства сярод жывёлаў, правядзеньню імунізацыі дзікіх жывёлаў, павышэньню дасьведчанасьці людзей і іх больш адказнаму падыходу да ўтрыманьня свойскіх жывёлаў», удалося дамагчыся таго, што з 2013 году такіх выпадкаў не фіксавалі.
Начальніца ўправы кантролю проціэпізаатычнай і прафіляктычнай працы дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Ірына Царык адзначала, што ў сьвеце ад шаленства штогод паміраюць каля 59 тысяч чалавек.
Форум