Як паведамляе агенцтва BNS, Літва перадала Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO) дадатковыя матэрыялы з доказамі інцыдэнтаў, выкліканых запускам кантрабандысцкіх балёнаў зь Беларусі ў Літву, паведаміла ў панядзелак міністэрства транспарту і камунікацыяў Літвы.
«Міністэрства транспарту зьвярнулася ў ICAO і Эўрапейскую камісію яшчэ ў кастрычніку мінулага году, як толькі пачаліся інтэнсіўныя гібрыдныя атакі. Цяпер мы робім яшчэ адзін крок — даем дадатковыя доказы незаконных дзеяньняў Беларусі супраць Літвы, якія пагражаюць бясьпецы цывільнай авіяцыі», — заявілі ў міністэрстве.
Сабраныя зьвесткі пацьвярджаюць, што паветраныя балёны, якія запускаюцца з тэрыторыі Беларусі, увесь час парушаюць паветраную прастору Літвы і становяць рэальную пагрозу для цывільных самалётаў і пасажыраў, гаворыцца ў паведамленьні міністэрства.
З кастрычніка 2025 году па травень 2026-га парушэньні паветранай прасторы балёнамі зь Беларусі, якія прыводзілі да прыпыненьня працы Віленскага аэрапорту, адбываліся ня менш за 20 разоў.
Міністар транспарту і камунікацыяў Літвы Юрас Тамінскас зьвярнуўся ў ICAO наконт балёнаў з кантрабандай у кастрычніку мінулага году, аднак тады арганізацыя адзначыла, што пры расьсьледаваньні падобных інцыдэнтаў «трэба падаць канкрэтныя доказы». Літва падала іх у лютым 2026 году. Тамінскас тады сказаў, што бачыць «прыкметы таго, што будзе прызнана, што Беларусь зьдзяйсьняе гібрыдную атаку».
Прэм’ерка ўраду Літвы Інга Ругінене тады заявіла, што «Літва афіцыйна зьвярнулася ў Міжнародную арганізацыю цывільнай авіяцыі, падаўшы сабраныя доказы сыстэматычных парушэньняў паветранай прасторы, якія зьдзяйсьняюцца з тэрыторыі Беларусі». Прэмʼер-міністар Літвы падкрэсьліла, што гэта хутчэй пэрыядычныя, чым асобныя інцыдэнты, якія ўплываюць на цывільную авіяцыю Літвы і нясуць пагрозу бясьпецы міжнароднай авіяцыі. Яна дадала, што Літва чакае выразнай міжнароднай ацэнкі і прынцыповага адказу на гэтае пытаньне.
Чаму гэта важна
Толькі летась праз балёны з кантрабандай у Віленскім аэрапорце быў парушаны расклад больш за 300 рэйсаў, што закранула 47 тысяч пасажыраў і прывяло да закрыцьця аэрапорту амаль на 60 гадзін.
У кастрычніку мінулага году праз гэта была часова закрытая мяжа з Беларусьсю (з 29 кастрычніка да 19 лістапада), а ў сьнежні ўрад Літвы абвясьціў экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз «гібрыдную атаку Беларусі». Зь сярэдзіны сьнежня такіх інцыдэнтаў паменела, але яны працягваюцца.
Пасьля візыту ў Беларусь прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка паабяцаў спыніць запускі балёнаў з кантрабандай у Літву. Аднак палёты балёнаў зь Беларусі ў Літву працягваюцца і надалей перашкаджаюць працы Віленскага аэрапорту. Літоўскія палітыкі ацэньваюць іх як гібрыдную атаку з боку Менска.
Раней міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў заклікаў улады Літвы падтрымліваць «нармальныя працоўныя кантакты», «незалежна ад таго, якая сытуацыя ў нас». Ён назваў кантрабанду паветранымі балёнамі «звычайнай транснацыянальнай злачыннасьцю», у якой удзельнічаюць палякі і літоўцы, запярэчыўшы вызначэньню яе як гібрыднай атакі.
Раней стала вядома, што ў Літве распачалі 30 крымінальных спраў за інцыдэнты з кантрабанднымі мэтэазондамі, якія запускаюцца зь Беларусі ў Літву, падазрэньні выставілі 90 асобам.
Паводле ацэнак кампаніі Літоўскія аэрапорты (LTOU), празь беларускія кантрабандныя мэтэазонды, якія сталі асноўнай прычынай збояў у працы аэрапорту Вільні, страты кампаніі за кастрычнік і лістапад мінулага году склалі прыблізна 200 тысяч эўра.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.