Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 11 траўня: затрымалі беларуса, які прыехаў на радзіму зрабіць новыя дакумэнты

абноўлена
Сілавікі ў Менску. Архіўнае фота
Сілавікі ў Менску. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Справа за камэнтары ў сацсетках, напісаныя за мяжой

Затрымалі беларуса, які прыехаў на радзіму зрабіць новыя дакумэнты, сілавікі завялі справу за абразу міліцыі.

39-гадовага ўраджэнца Берасьцейскай вобласьці затрымалі пасьля вяртаньня ў Беларусь за «камэнтары абразьлівага зьместу на адрас міліцыянтаў», якія былі апублікаваныя «ў адным з тэлеграм-каналаў экстрэмісцкай скіраванасьці», паведаміла 11 траўня прэс-служба УУС Менскага аблвыканкаму.

Міліцыянты кажуць, што камэнтары той апублікаваў, знаходзячыся за мяжой, дзе быў на заробках. Сёлета ён вярнуўся ў Беларусь, каб аднавіць страчаныя дакумэнты. Менавіта тады яго і затрымалі, піша Позірк.

Беларусу Аляксандру Зубрыку завочна прызначылі 3,5 году калёніі

Горадзенскі абласны суд 7 траўня 2026 году ў парадку спэцыяльнай вытворчасьці разгледзеў крымінальную справу супраць 28-гадовага Аляксандра Зубрыка.

Яго прызналі вінаватым у

  • распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК),
  • удзеле ў пратэстах (ч. 2 арт. 342),
  • абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368),
  • абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369),
  • зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370).

Якая канкрэтныя дзеяньні стаяць за гэтымі фармулёўкамі, праваабаронцам невядома, піша «Вясна».


У сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесьлі старонку Беларускага музэю Луцкевіча ў Інстаграме

У сьпіс «тэрарыстаў» дадалі яшчэ 4 чалавек

  1. Іван Вайноў
  2. Уладзімер Падабед
  3. Аляксандар Рудчык
  4. Раман Шаркоў

Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе», які напаўняе КДБ, — 1450 чалавек. Зь іх 699 — беларусы, піша «Вясна».

Менчука будуць судзіць за «адмаўленьне генацыду беларускага народу»

На допыце 56-гадовы мужчына расказаў, што спрабаваў знайсьці арыгінальны тэкст дакумэнта ў інтэрнэце, але, не знайшоўшы яго, вырашыў, што факт існаваньня гітлераўскага пляна «Ост» прыдуманы Камуністычнай партыяй СССР.

Таксама ён нібыта сьцьвярджаў, што зьверствы ў дачыненьні да мірных жыхароў падчас 2 сусьветнай, у тым ліку дзяцей і жанчын, зьяўляліся «ня больш чым рэакцыяй нацыстаў на партызанскі рух і супраціўленьне».

Мужчыну ўзялі пад варту, піша «Вясна». Яму пагражае да 5 гадоў зьняволеньня.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG