Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Горадзеншчыне ўчора 5 гадзін тушылі лясны пажар каля літоўскай мяжы. Але сёньня там гарыць яшчэ мацней

абноўлена
Пажар каля вёскі Узьбераж, фота МНС
Пажар каля вёскі Узьбераж, фота МНС

Каля шостай гадзіны вечара 2 траўня каля вёскі Вузьбераж Горадзенскага раёну выявілі буйны пажар. Ён ахапіў каля 10 гектараў. Тушылі яго больш за 60 чалавек з дапамогай 15 машын.

Каля 23-й гадзіны пажар удалося зьліквідаваць, паведаміла раніцай Міністэрства надзвычайных сытуацый.

Але празь некалькі гадзінаў МНС паведаміла пра пажар у тым жа месцы і на ўтрая большай тэрыторыі.

Сёньня ў Парэцкім сельсавеце Гарадзенскага раёну гарыць ужо каля 30 гектараў лесу.

Вецер над пажарам паўднёва-заходні, дым ляціць на Літву. Жыхары Друскенікаў і ваколіцаў скардзяцца на едкі пах гарэлага, перадае Delfi. Жыхароў Літвы папярэдзілі пра забруджваньне паветра дымам і заклікалі як мага менш часу бавіць на вуліцы.

Паводле адміністрацыі Аранскага раёну Літвы, пажар на тэрыторыі Беларусі ўсчаўся каля 16:50. Уначы ён перакінуўся на тэрыторыю Літвы, там яго патушылі. «У той жа час на тэрыторыі Беларусі пажар усё яшчэ працягваецца», — адзначалі мясцовыя ўлады ў той час, калі паводле ранейшага паведамленьня МНС пажар ужо быў зьліквідаваны.

У Літвы зь Беларусьсю цяпер няма абмену інфармацыяй пра падобныя здарэньні, перадае LRT.

Усяго за мінулыя содні ў Беларусі патушылі 15 лясных пажараў агульнай плошчай амаль 12 гектараў, а таксама 59 пажараў травы і хмызьняку агульнай плошчай амаль 9 гектараў. Лясныя пажары былі ўва ўсіх вобласьцях, апроч Магілёўскай. Ува ўсіх вобласьцях краіны забаронена наведваць лясы.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG