Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: расейскія жаўнеры на загад Пятра І узарвалі Сафійскі сабор у Полацку

Сучасны выгляд полацкай Сафіі
Сучасны выгляд полацкай Сафіі

Падзеі 1 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

1 траўня 1710 — напярэдадні адыходу з Полацку салдаты расейскага цара Пятра I узарвалі раней зачынены і ператвораны на парахавы склад Сафійскі сабор. Расейскі цар прынёс беларускім землям шмат крыві і разбурэньняў, але падрыў полацкай Сафіі ў гэтым шэрагу адзін з найбольш запамінальных. Падзеі сьвядома замоўчваюцца так званымі «патрыятычнымі» клюбамі, якія актыўна дзейнічаюць у Беларусі ў межах так званай «Саюзнай дзяржавы».

Дзень у гісторыі

1576 — шлюб і каранацыя Ганны Ягелонкі і Стэфана Баторыя на пасадзе вялікай княгіні і вялікага князя літоўскіх і польскіх каралевы і караля.

1840 — У Вялікай Брытаніі зьявіліся першыя ў сьвеце паштовыя маркі (з профілем каралевы Вікторыі).

1863 — пачатак паўстаньня ў Менскай губэрні (19 красавіка паводле старога стылю). Людзі паўсюдна зрывалі партрэты гасудара-імпэратара, а на дарогах зьявіліся атрады паўстанцаў.

1917 — артысты «Першага беларускага таварыства драмы і камэдыі» ўпершыню паказалі на сцэне губэрнскага тэатру ў Менску «Паўлінку» Янкі Купалы і «Ў зімовы вечар» Элізы Ажэшкі.

1943 — бамбаваньне Менску савецкай авіяцыяй, апісанае ў кнізе Антона Адамовіча «Каханы горад».

1969 — быў заснаваны Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны.

1978 — адкрыўся Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы.

1986 — па ўсёй Беларусі адбываюцца масавыя сьвяточныя дэманстрацыі пры тым, што факт Чарнобыльскай катастрофы трымаецца ў таямніцы ад людзей.

2004 — Да Эўрапейскага Зьвязу далучыліся 10 дзяржаваў: Вугоршчына, Кіпр, Латвія, Літва, Мальта, Польшча, Славаччына, Славенія, Чэхія і Эстонія.

У гэты дзень нарадзіліся

1585 — Соф’я Слуцкая, рэлігійная дзяячка Вялікага Княства Літоўскага, асьветніца, беларуская праваслаўная сьвятая.

1879 — Янка Серада, беларускі грамадзкі і палітычны дзеяч, пэдагог, публіцыст, першы Старшыня Рады БНР.

1894 — Іван Ермачэнка, беларускі палітычны дзеяч. У 1925 годзе разам са старшынём Рады БНР Пётрам Крачэўскім, Васілём Захаркам, Тамашом Грыбам не прызнаў рашэньняў Бэрлінскай Другой Усебеларускай канфэрэнцыі, дзе аб’явілі пра роспуск Ураду БНР.

1906 — Аляксандра Бергман, беларуская гісторыца ў Польшчы.

1915 — Іван Любачка, беларускі гісторык у ЗША.

1922 — Алесь Салавей, беларускі паэт.

Ці ж ня новае шчасьце мне зьнічыць?
Ледзь здалёку махнеш мне рукой:
нешта, нешта у сэрцы крынічыць,
нешта ў грудзі ліецца ракой.

Алесь Салавей. 1950-я гады
Алесь Салавей. 1950-я гады

1930 — Алесь Петрашкевіч, беларускі драматург, пісьменьнік, кандыдат гістарычных навук.

1931 — Алег Лойка, паэт, пісьменьнік, літаратуразнавец.

Мілая, любая, родная
Зямля абяцаная,
Белая — значыць свабодная,
Незваяваная.
Вечная над нязванымі,
Няпрошанымі гасьцьмі —
Над немымі іх курганамі,
Над белымі іх касьцьмі…


1942 — Міхал Басалыга, графік, ілюстратар кніг.

1980 — Юрась Юркевіч, грамадзкі дзеяч беларускай дыяспары, дасьледчык гісторыі Беларусі.

1981 — Аляксандар Глеб, беларускі футбаліст.

Аляксандар Глеб
Аляксандар Глеб

У памяці

1904 — Антанін Леапольд Дворжак, чэскі кампазытар.

1944 — забіты ў Асьвенціме Іцхок Кацэнэльсон, перакладнік, паэт і драматург, пісаў на ідыш.

1986 — Сьцяпан Александровіч, беларускі пісьменьнік, літаратуразнавец, крытык і краязнавец.

2009 — Фёдар Шмакаў, беларускі актор тэатру і кіно, рэжысэр, народны артыст СССР.


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG