Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 40 гадоў чарнобыльскай катастрофе

Адзін зь першых фатаздымкаў пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 26 красавіка 1986 году
Адзін зь першых фатаздымкаў пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 26 красавіка 1986 году

Падзеі 26 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

26 красавіка 1986 году выбухнуў чацьвёрты блёк чарнобыльскага рэактара. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.

Традыцыйна, з 1989 году, у гэты дзень у Менску адбывалася мэмарыяльнае шэсьце — Чарнобыльскі шлях. Ужо некалькі год акцый у Беларусі няма. Мэмарыяльныя акцыі беларусаў праходзяць у замежжы. 5 красавіка 1990 Вярхоўны Савет БССР абвясьціў 26 красавіка Днём чарнобыльскай трагедыі.

Таксама ў гэты дзень

1740 — заснаваная Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, якая належала князям Радзівілам.

1863 — пад Пагосьцішчам (Лёзьненскі раён) разьбіты атрад паўстанцаў Ігната Будзіловіча.

1945 — у Бэрліне савецкая контравыведка СМЕРШ арыштавала Кастуся Езавітава, які, паводле афіцыйнай вэрсіі, загіне ў турме ў Менску.

1989 — У Менску ўпершыню прайшоў Чарнобыльскі шлях.

Чарнобыльскі шлях у Менску, 1989. З грамадзкага вэб-архіву «Вытокі»
Чарнобыльскі шлях у Менску, 1989. З грамадзкага вэб-архіву «Вытокі»

1996 — Чарнобыльскі шлях, прымеркаваны да 10-годзьдзя катастрофы, стаўся найбольш напружаным этапам «Менскай вясны — 96».

Чарнобыльскі шлях у Менску, 1996. З грамадзкага вэб-архіву «Вытокі» https://vytoki.net, фота Георгі Ліхтаровіч
Чарнобыльскі шлях у Менску, 1996. З грамадзкага вэб-архіву «Вытокі» https://vytoki.net, фота Георгі Ліхтаровіч

1996 — КГБ штурмуе штаб-кватэру БНФ у Менску з мэтай захапіць Зянона Пазьняка, але няўдала.

У гэты дзень нарадзіліся

1696 — Міхал Чартарыйскі, дзяржаўны дзяяч ВКЛ, канцлер вялікі літоўскі

1863 — Яўстафі Арлоўскі, беларускі краязнавец, гісторык, пэдагог, дасьледнік мінулага Горадні.

1899 — Ільля Гурскі, пісьменьнік і драматург.

1929 — Юры Туронак, беларускі гісторык.

Юры Туронак
Юры Туронак

1929 — Мікалай Сьлюнькоў, першы сакратар ЦК КПБ, кіраўнік Беларусі ў момант катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Ягоная пазыцыя замоўчваньня праўды пра аварыю прынесла яму ў вуснах Алеся Адамовіча мянушку «Чарнобыльскі Пілат».

1929 — Уладзімер Шатон, мовазнаўца, пэдагог, перакладчык.

Уладзімер Шатон
Уладзімер Шатон

1989 — Надзея Папок, беларуская вясьлярка на байдарцы.

У памяці

1835 — Анёл Доўгірд, філёзаф. Напісаў доктарскую дысэртацыю пра цуды. Падзяляў пазнаньне сьвету на філязофскае і мастацкае. У 2010-14 гады Інстытут філязофіі АН ладзіў у Менску міжнародныя „Доўгірдаўскія чытаньні“.

1862 — у Вільні пасьля сібірскай катаргі памёр Аляксандар Далеўскі, адзін з стваральнікаў Братняга зьвязу літоўскай моладзі, удзельнік вызвольнага руху.

1883 — Напалеон Орда, беларускі мастак, кампазытар, пісьменьнік.

Напалеон Орда. Палац Скірмунтаў у Моладаве. 1875
Напалеон Орда. Палац Скірмунтаў у Моладаве. 1875

2002 — Міхаіл Пташук, беларускі кінарэжысэр, актор, прадусар, народны артыст Беларусі. Загінуў у аўтакатастрофе.

2012 — Ігар Чаквін, беларускі гісторык, антраполяг і этноляг.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG