Удзельнікі дыскусіі таксама паспрабавалі адказаць на пытаньне, ці засвоіла чалавецтва навуку Чарнобыльскай катастрофы.
26 красавіка катастрофе споўніцца 40 гадоў. Яніна Мельнікава з альянсу «Зялёная Беларусь» у 1986-м толькі пайшла ў першую клясу і ня памятае самой падзеі, але кажа, што на ўсё жыцьцё ў памяці застаўся смак морскай капусты, якую бацькі прымушалі есьці ўсё лета перад школай. Толькі пазьней дзяўчынка даведалася, што гэты прадукт меў дапамагчы арганізму змагацца з радыяцыяй.
«Потым былі штогадовыя адзначэньні гадавінаў Чарнобылю, мы расьлі пад размовы пра яго наступствы, у чаканьні, што яшчэ праз год гэта закончыцца, але трэба ўсьвядоміць, што яно не закончыцца ніколі: нам давядзецца будаваць жыцьцё з улікам гэтай рэальнасьці», — мяркуе экаактывістка.
Яніна Мельнікава падзялілася зьвесткамі аб праекце экаактывістаў пад назвай «Шлях можа быць іншым». Яго мэта — пераканаць беларускае грамадзтва ў неабходнасьці вярнуць краіну на «бязьядзерны шлях» разьвіцьця, адмовіцца ня толькі ад ядзернай зброі, але і ад атамнай энэргетыкі, якая таксама «нясе пагрозу існаваньня чалавецтву, што і даказаў Чарнобыль».
На думку Мельнікавай, улады Беларусі замінаюць экалягічнай асьвеце грамадзтва, таму і не парупіліся пра стварэньне нацыянальнага Чарнобыльскага музэю, «патрэба якога вялікая». Таму яе аднадумцы прыдумалі і ўжо стварылі інтэрнэт-праект такога музэю пад назвай «Песьні адселеных вёсак».
Журналістка прадэманстравала ўдзельнікам дыскусіі ня толькі фатаздымкі аварыі і яе ахвяраў, але і кадры з удзельнікамі Чарнобыльскіх шэсьцяў і мітынгаў, якія ў Беларусі праводзілі штогод, пачынаючы з 1989 году. «Фактычна не было ніводнага Чарнобыльскага шляху, акрамя тых, што праходзілі напачатку 1990-х гадоў, каб улада не ўжывала супраць удзельнікаў санкцыяў: затрыманьняў, штрафаў, арыштаў», — адзначыла журналістка Яніна Мельнікава.
Прафэсарка ЭГУ, філёзаф Тацяна Шчытцова выказала думку, што Чарнобыльская катастрофа для беларусаў ня проста чарговы трагічны эпізод гісторыі, яна стала фактарам, які фармуе сьветапогляд і нацыянальны характар беларусаў. У дыскусіі вучоная не абмінула і ўласны досьвед.
«Памятаеце тую першатравеньскую дэманстрацыю 1986 году пад радыяцыяй? Я таксама ў ёй удзельнічала, ня ведаючы пагрозы», — згадала Тацяна Шчытцова.
Зь яе высноваў, Чарнобыль стаў адной з прычын краху СССР як «мадэрнізацыйнага праекту», але пры гэтым спрыяў росту нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў і ўкраінцаў, бо ясна паказаў, што «цэнтар ставіцца да „рэспублік“ як да калёніяў».
Паводле ўдзельнікаў круглага стала, улады Беларусі і цяпер праводзяць тую ж заганную палітыку, што і КПСС: ігнаруюць радыяцыйную небясьпеку, маніпулююць зьвесткамі пра заражаныя тэрыторыі, хаваюць інфармацыю пра сытуацыю на Беларускай АЭС.
Экаактывістка, дасьледніца наступстваў Чарнобылю Тацяна Новікава, якая цяпер жыве ў ЗША, адзначыла як станоўчы факт тое, што пасьля Чарнобыльскай катастрофы пад ціскам палітыкаў і абаронцаў прыроды шмат якія краіны сьвету падпісалі гэтак званую Оргускую канвэнцыю, абавязаўшыся публікаваць без выняткаў зьвесткі аб інцыдэнтах на атамных станцыях і дапускаць да праверак прадстаўнікоў грамадзкасьці. Канвэнцыю падпісалі 45 дзяржаваў, але сярод іх няма Беларусі і Расеі, зазначыла Тацяна Новікава. Таксама экаактывістка нагадала цяперашнюю сытуацыю з Чарнобыльскай АЭС, купал над якой пашкодзілі расейскія дроны і ў выніку на рамонт патрэбныя «новыя мільярды». На думку Новікавай, менавіта супярэчлівы досьвед выкарыстаньня чалавецтвам атамнай энэргіі падштурхоўвае да разьвіцьця замяняльнай энэргетыкі, за якой экаактывістка бачыць будучыню.
Дацэнт ЭГУ, культурны антраполяг Сьцяпан Стурэйка у дыскусіі нагадаў, што фільмы пра Чарнобыль паспрыялі ператварэньню чарнобыльскай зоны ў аб’ект недазволенага турызму, між тым небясьпека радыяцыі там ня зьнікла. «Варта задумацца пра сродкі, якімі мы прыцягваем увагу да чарнобыльскай тэмы, вызначыць мяжу паміж адказнасьцю і безадказнасьцю», — мяркуе навуковец. Паводле Сьцяпана Стурэйкі, чалавецтва толькі падыходзіць да засваеньня навукі Чарнобылю.
У адным з разьдзелаў інтэрнэт-праекту Чарнобыльскага музэю, пра які апавядала Яніна Мельнікава, гаворыцца пра сакрэты Чарнобылю, якія дагэтуль прыхоўваюць. Ужо пасьля заканчэньня дыскусіі актывістка сказала Свабодзе, пра што хацела б даведацца.
«Дагэтуль мы ня бачылі дакумэнтаў, як прымаліся рашэньні наконт аварыі. Як узьнікла тое жаданьне не казаць людзям, хто адказны за катастрофу. Папраўдзе на лаве падсудных апынуліся стрэлачнікі, службоўцы, зьвязаныя па руках і нагах інструкцыямі. Ня маю вялікага досьведу ў тым, як дзейнічала савецкая сыстэма тады, але па сучаснай Беларусі, дзе застаецца правіла „я начальник — ты дурак“, магу меркаваць, што менавіта так і адбывалася ў 1986-м. Бо дагэтуль незразумела, навошта на станцыі пачалі экспэрымэнт, які прывёў да аварыі, чаму не змаглі яго спыніць, чаму потым ад людзей хавалі інфармацыю і нават пагналі на дэманстрацыі пад радыяактыўны дождж. Гэта ўсё моцна прыхоўвалі і прыхоўваюць дагэтуль, таму ў людзей так і не зьявілася магчымасьць паўплываць, каб у будучыні такое не паўтарылася», — заявіла Яніна Мельнікава.
Паводле журналісткі, сытуацыя з прыхоўваньнем інфармацыі аб АЭС у Беларусі цяпер паўтараецца.
«Мы зараз фактычна на той жа прыступцы, зноў ніяк ня можам уплываць на сытуацыю. Пакуль у Астраўцы будавалася Беларуская АЭС, зь ёю рэгулярна адбываліся інцыдэнты: зь першым рэактарам, потым з другім. У актывістаў узьнікала шмат пытаньняў, але зноў жа — на гэтыя пытаньні ніхто ня хоча адказваць, прыкрываюцца інструкцыямі.
У Беларусі праходзіць „агульны дзень інфармаваньня“. Адно зь яго асноўных пасланьняў, якое я ўжо пабачыла, — што „мы маем унікальны досьвед змаганьня з радыяцыяй, які можам прадаваць на Захадзе“. То бок гэта ўжо для іх аб’ект гандлю. А што менавіта прадаваць яны зьбіраюцца? Тое, што навучыліся „скасоўваць“ радыяцыю, яка насамрэч нікуды ня дзелася? Вучоныя кажуць, што пэрыяд паўраспаду такі і такі, але паводле афіцыйнай палітыкі паўраспад ужо адбыўся, можна вяртаць ва ўжытак землі, прызнаныя забруджанымі, вырошчваць на іх прадукты, якія зьмешваць з чыстымі і прадаваць. Дык вось гэтым досьведам яны гатовыя гандляваць? Пыл у вочы — файная рэч, у межах адной краіны ім можна гандляваць, пагатоў прапаганда на гэта працуе, а незалежных мэдыя няма. Але я мяркую, што гэта проста вар’яцтва», — сказала актывістка Яніна Мельнікава.
Круглы стол «Выпрабаваньне чалавецтва. Чарнобыль і 40 гадоў пасьля» правялі актывісты альянсу «Зялёная Беларусь» у межах кампаніі, прымеркаванай да ўгодкаў Чарнобыльскай катастрофы, арганізаванай разам зь «Зялёнай сеткай» і «Экадомам».
Форум