Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 17 красавіка. Улады прызналі «экстрэмісцкімі» яшчэ дзьве ініцыятывы і дапоўнілі сьпіс «экстрэмістаў»

абноўлена
Будынак КДБ, Менск. Ілюстрацыйнае фота
Будынак КДБ, Менск. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі папоўніў сьпіс так званых «экстрэмісцкіх» фармаваньняў.

У прыватнасьці, у сьпіс дадалі плятформу «Тры сланы», да якой маюць дачыненьне Павал Лібер і Даніла Гаркавы. Плятформа зьмяшчае прапановы пляну мірнага транзыту ад дыктатуры да дэмакратыі, а таксама інфармацыю аб выбарах у Каардынацыйную раду. Гэта ня першы сярод праектаў і лічбавых аплікацыяў Паўла Лібера, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім».

У сьпіс трапіла ініцыятыва «Вольныя», якая дапамагае беларускім палітвязьням аднавіць жыцьцё пасьля вызваленьня і атрымаць усебаковую падтрымку. Паводле КДБ, да гэтай ініцыятывы датычныя Вераніка Станкевіч, Дзьмітры Фурманаў, Юлія Люзіна, Юлія Ганецкая, Агата Шніп, Артур Удрыс, Дар’я Давыдзька.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абнавіла сьпіс «экстрэмістаў»

У пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай» дзейнасьці, дадалі яшчэ 21 прозьвішча. Цяпер у сьпісе 6526 чалавек.

  1. Павел Багадзевіч (Bahadzevich Pavel), 47 гадоў
  2. Сьвятаслаў Бурмака (Burmako Svyatoslav), 45 гадоў
  3. Артур Ганіберзін (Haniberzin Artur), 37 гадоў
  4. Павел Губенка (Gubenko Pavel), 38 гадоў
  5. Сьвятлана Ількевіч (Ilkewich Sviatlana), 41 год
  6. Вольга Капуза (Kapuza Volha), 36 гадоў
  7. Дзьмітры Капуза (Kapuza Dzmitry), 36 гадоў
  8. Уладзімір Капуза (Kapuza Uladzimir), 40 гадоў
  9. Аляксандар Карнацкі (Karnatski Aliaksandr), 44 гады
  10. Іна Коласава (Kolosova Inna), 49 гадоў
  11. Тацьцяна Курловіч (Kurlovich Tatsiana), 54 гады
  12. Вікторыя Мельнікава (Melnikava Viktoryia), 24 гады
  13. Іван Осіпаў (Osipau Ivan), 41 год
  14. Віктар Папковіч (Papkovich Viktar), 32 гады
  15. Дзяніс Папоў (Papou Dzianis), 22 гады
  16. Уладзіслаў Рабіч (Rabich Uladzislau), 29 гадоў
  17. Андрэй Ракіцкі (Rakitski Andrei), 48 гадоў
  18. Яна Ранько (Ranko Yana), 34 гады
  19. Павел Сухаверхі (Sukhaverkhi Pavel), 29 гадоў
  20. Кацярына Царова (Tsarova Katsiaryna), 35 гадоў
  21. Аляксандар Шаманскі (Shamanski Aliaksandr), 33 гады

Сярод іншых у сьпіс дадалі сямейную пару зь Берасьцейшчыны — Вольгу і Дзьмітрыя Капузаў.

Вольгу абвінавацілі паводле артыкулаў 295 («незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў») і 289 («акт тэрарызму») Крымінальнага кодэксу. Яе асудзілі на 21 год пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе мужа Дзьмітрыя асудзілі паводле тых жа артыкулаў на 24 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вольгу трымаюць у калёніі № 4 у Гомлі, месца зьняволеньня Дзьмітрыя спрабуюць высьветліць праваабаронцы.

У сьпіс «экстрэмістаў» таксама дадалі валянтэрку з Наваполацку Іну Коласаву. Згодна з інфармацыяй МУС, жанчыну асудзілі ў Віцебскім абласным судзе паводле ч. 1 і ч. 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці).

Праваабаронцы цэнтру «Вясна» мяркуюць, што ёй прызначылі «хатнюю хімію».

У 2020-м Іна Коласава была заснавальніцай і каардынатаркай валянтэрскай ініцыятывы «Помоги врачам Полоцк-Новополоцк». Падчас пандэміі Covid-19 ініцыятыва дапамагала лекарам: знаходзіла для іх сродкі індывідуальнай абароны, дэзраствор, спэцыяльнае абсталяваньне.

У 2022 годзе навапалачанка высадзіла маленькі сквэр пад назвай «Добрый доктор» — на знак удзячнасьці лекарам, якія дапамаглі самой Іне перамагчы небясьпечны вірус.

У сьпіс «тэрарыстаў» КДБ дадаў яшчэ 10 чалавек

Сярод іх вядомы менскі лекар-нэўроляг Руслан Бадамшын.

  1. Руслан Бадамшын
  2. Дзмітрый Баніт
  3. Іван Кавальскі
  4. Ігар Клімковіч
  5. Ягор Кракасевіч
  6. Віталь Мусіловіч
  7. Аляксандар Палячонак
  8. Аляксандар Петрашкевіч
  9. Аляксей Хвясеня
  10. Арцём Шабунёў


Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1444 чалавекі, зь іх 697 — беларусы, паведаміла «Вясна».

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG