Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве паведамілі, што беларускі памежнік парушыў літоўскую мяжу. ФОТА

Беларускі памежнік парушае мяжу Літвы. 15 красавіка 2026 году
Беларускі памежнік парушае мяжу Літвы. 15 красавіка 2026 году

У Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамілі аб пачатку расьсьледаваньня факту парушэньня літоўскай мяжы беларускім памежнікам.

«Беларускі памежнік паглыбіўся прыкладна на мэтар углыб тэрыторыі Літвы ў нядзейным кантрольна-прапускным пункце Кракуны. Потым ён сеў на бэтонны блёк, які перакрывае дарогу, і неўзабаве вярнуўся ў сваю краіну», — адзначаецца ў паведамленьні.

Згодна з інфармацыяй літоўскіх памежнікаў, чацьвёра ўзброеных беларускіх вайскоўцаў патрулявалі мяжу з боку мястэчка Геранёны ў Беларусі. Асаблівасьць гэтай мясцовасьці ў тым, што літоўскія паселішчы амаль з усіх бакоў атачае тэрыторыя Беларусі. Раней тут дзейнічаў памежны пункт Кракуны – Геранёны, закрыты ў 2020 годзе.

Літоўскія ўлады неаднаразова абвінавачвалі ўлады Беларусі ва ўчыненьні гібрыдных атак супраць Літвы. Гэта арганізацыя незаконных міграцыйных патокаў, запуск кантрабандных балёнаў, інфармацыйныя кампаніі, вэрбаваньне грамадзян Літвы.

Сёлета ў сакавіку Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі і Другі дэпартамэнт апэратыўных службаў Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы прэзэнтавалі несакрэтную частку новай штогадовай ацэнкі пагрозаў нацыянальнай бясьпецы. Сярод іх крыніцаў назвалі Расею, Беларусь і Кітай.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG