Як паведамілі на дзяржаўным тэлеканале СТВ, кіраўніцтва кампаніі абвінавачваюць у выплаце заробкаў «у капэртах», нясплаце падаткаў і выкарыстаньні гатоўкі, якую не адлюстроўвалі ў бухгальтарскіх дакумэнтах.
«У выніку правядзеньня комплексу апэратыўна-вышуковых захадаў высьветлілі, што значная частка выручкі, атрыманая ад наданьня паслуг, не адлюстроўвалася ў бухгальтарскім уліку арганізацыі. Каб не пакідаць сьлядоў, адказныя асобы таварыства асабіста дамаўляліся з замоўцамі паслуг аб правядзеньні аплаты як гатоўкай, так і з выкарыстаньнем крыптавалюты. Пры гэтым фігуранты стваралі гаманцы на біржах, афіцыйна не зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь», — паведаміў апэратыўнік Дзяржаўнага кантролю.
Згодна з афіцыйным паведамленьнем, у 2021–2025 гадах аб’ём такой гатоўкі нібыта склаў больш за 6 мільёнаў даляраў.
Як вынікае з матэрыялу дзяржаўнай тэлевізіі, заснавальнік студыі Андрэй Макоўскі, вядомы як Андрусь Bezdar, цяпер пад сьледзтвам, а другі яе кіраўнік знаходзіцца ў ЗША.
Начальнік упраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю ў Менскай вобласьці і Менску Дзьмітры Дзягілеў паведаміў, што цяпер аналягічныя праверкі і сьледчыя дзеяньні адбываюцца ўва ўсіх праектных арганізацыях гэтага рэгіёну, да якіх ёсьць пытаньні наконт сплаты падаткаў.
Паводле яго, ужо сфармавалі сьпісы суб’ектаў гаспадараньня, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі і ёсьць прыкметы, што яны ня плацяць падаткі.
ZROBIM architects — беларуская архітэктурная студыя, заснаваная ў 2011 годзе Андрэем Макоўскім (Андрусь Bezdar) і Аляксеем Караблёвым. Кампанія вядомая праектамі ў сучаснай архітэктуры і дызайне, працуе як у Беларусі, так і за мяжой.
Студыя актыўна вядзе сацыяльныя сеткі і блог, у якіх дзеліцца новымі праектамі і навінамі. Кампанія рэгулярна атрымлівае прэстыжныя міжнародныя ўзнагароды. Гэтак, летась іхны праект школы ў прысталічным мікрараёне Новая Баравая стаў пераможцам IIDA Global Excellence Award 2025 у катэгорыі «Адукацыя».
9 красавіка сілавікі прыйшлі ў офіс кампаніі ZROBIM architects і затрымалі ўсіх супрацоўнікаў, якія там былі, — каля паўсотні чалавек. Пазьней большасьць зь іх адпусьцілі, але 10 красавіка прыйшлі зноў затрымаць іншых. Тады стала вядома, што заснавальнік кампаніі Андрэй Макоўскі (Андрусь Bezdar) застаўся пад вартай. Другі сузаснавальнік студыі, Аляксей Караблёў, знаходзіцца ў ЗША.
Прапагандыст Грыгорый Азаронак зьвязаў візыт сілавікоў з допісам Андрэя Макоўскага ў Threads ад 4 сакавіка, дзе той зьдзіўлена паведамляў, што ад прыватнай арганізацыі патрабуюць узяць у штат ідэоляга.
Форум