Такую пастанову прыняў Ваяводзкі адміністрацыйны суд у Варшаве, піша Most.
Размова пра былых палітвязьняў Андрэя і Веру Мамойкаў. Андрэй — былы старэйшына пратэстанцкай царквы «Новая зямля».
Суд скасаваў пастанову польскіх уладаў аб перадачы іхнай справы Нямеччыне і абавязаў паўторна разгледзець хадайніцтва аб міжнароднай абароне ў Польшчы.
Сужэнцаў затрымалі ў Беларусі ў лютым 2023 году з прычыны фатаздымкаў з пратэстаў 2020 году. Пазьней пару асудзілі на «хатнюю хімію». Яны пакінулі краіну, не адбыўшы пакараньня.
Трапіць у Эўразьвяз Мамойкам дапамаглі нямецкія візы, атрыманыя яшчэ да арышту. З гэтымі візамі яны прыехалі ў Польшчу і там падалі заяву аб міжнароднай абароне. Аднак Управа ў справах іншаземцаў пастанавіла перадаць іхную справу Нямеччыне — у адпаведнасьці з Дублінскім рэглямэнтам, які прадугледжвае, што адказнасьць за разгляд заявы нясе краіна, якая выдала візу.
Суд з гэтым не пагадзіўся. Пры разглядзе скаргі ён улічыў індывідуальныя абставіны сям’і, у тым ліку стан здароўя людзей, а таксама той факт, што сужэнцы не выкарыстоўвалі візаў для паездак у іншыя краіны Эўразьвязу і засталіся ў Польшчы. Акрамя таго, суд паказаў на працэсуальныя парушэньні: прымаючы пастанову, улады не ацанілі сытуацыі заяўнікаў у поўным аб’ёме.
Сужэнцы на судзе адзначалі, што ўжо інтэграваліся ў Польшчы, маюць сацыяльныя сувязі, а Вера праходзіць навучаньне паводле праграмы Каліноўскага.
У выніку Ўправа ў справах іншаземцаў мусіць нанова разгледзець пытаньне. Тэарэтычна ведамства можа зноў паспрабаваць ужыць Дублінскі рэглямэнт, аднак, як адзначаюць праваабаронцы, на практыцы такія выпадкі надзвычай рэдкія, піша выданьне.
Дэпутатка Эўрапейскага Парлямэнту ад Польшчы Малгажата Гасеўская, якая апекавалася справай беларусаў, пракамэнтавала працэс:
«Андрэй і Вера — маладая сямейная пара, абое былыя палітычныя вязьні рэжыму Лукашэнкі, дзе яны прайшлі празь пекла, каб жыць у свабоднай краіне. Тут, у Польшчы, яны спрабуюць застацца назаўсёды — Вера таксама разьвіваецца і адукуецца ў рамках праграмы Кастуся Каліноўскага. Іх павінны былі адправіць у Нямеччыну ў межах Дублінскай працэдуры. Дзякуючы сёньняшняму рашэньню Адміністрацыйнага суду гэты сцэнар застаўся ў мінулым.
Я таксама хачу падзякаваць адвакаткам Аляксандры Ясінскай і Ганьне Маціеўскай, якія прывялі да гэтага посьпеху. Сёньняшні дзень — доказ таго, што справядлівасьць можа перамагчы, а салідарнасьць — гэта сіла. Вера, Андрэй, я вельмі цешуся, што вы можаце будаваць сваю будучыню тут, у Польшчы!»
Польскія чыноўнікі ўжо не ўпершыню спрабуюць ужыць Дублінскі рэглямэнт для беларусаў. У кастрычніку 2025 году моцнага розгаласу набыў працэс Нэлі Ваданосавай — маці вядомай беларускай тэлевядоўцы і грамадзкай дзяячкі Кацярыны Ваданосавай. Нэлі Ваданосаву хацелі выслаць у Літву, беларусцы давялося зьвяртацца ў суд, і яна перамагла.
Пазьней падобная справа была і ў беларуса Алеся Папковіча, які таксама пачаў інтэгравацца ў польскае грамадзтва, але польскія чыноўнікі хацелі выслаць яго ў Літву на падставе раней атрыманай візы гэтай краіны.
Андрэй і Вера Мамойкі былі на радзіме вядомымі музыкантамі, яны ўзялі ўдзел у запісе некалькіх альбомаў хрысьціянскай музыкі. Перад затрыманьнем у Беларусі Андрэй Мамойка працаваў у ІТ-кампаніі.
Андрэя і Веру паставілі ў віну артыкул 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх».
Прысуд ім выносіла судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Вікторыя Шабуня, вядомая ўдзелам у дзясятках палітычна матываваных справаў. Яна прызначыла Мамойкам па 2,5 году «хатняй хіміі».
Форум