Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня толькі ў дзяржаўным сэктары». У Менску падлічылі ідэолягаў

Ідэолягі Брагінскага раёну праводзяць у школах лекцыі барацьбы з «экстрэмізмам». Ілюстрацыйнае фота.
Ідэолягі Брагінскага раёну праводзяць у школах лекцыі барацьбы з «экстрэмізмам». Ілюстрацыйнае фота.

На 1 красавіка 2026 году ў ідэалягічнай «вэртыкалі» Менску было 2354 работнікі.

Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы і ў справах моладзі Менгарвыканкаму Аляксандр Лук’янаў (тут і далей цытаты відэа ў тэлеграм-канале Менгарвыканкаму.Позірк).

Паводле яго, у Акадэміі кіраваньня плянуецца перападрыхтоўка «звыш 220 спэцыялістаў ідэалягічнай сфэры».

16 красавіка на паседжаньні Менгарвыканкаму на тэму фармаваньня ідэалягічнай вэртыкалі ў сталіцы абмяркоўвалі рэалізацыю дырэктывы Аляксандра Лукашэнкі нумар 12 «Аб рэалізацыі асноваў ідэалёгіі беларускай дзяржавы» «ня толькі ў дзяржаўным сэктары, але і ў прыватных арганізацыях», сказаў Лукʼянаў. Ён выказаў думку, што менавіта рэалізацыя дырэктывы дазволіла ідэолягам «у літаральным сэнсе дайсьці да ўсіх формаў уласнасьці і арганізацыяў».

«Бачым станоўчы водгук і зацікаўленасьць субʼектаў гаспадараньня ў рабоце паводле гэтага дакумэнту, перш за ўсё ў рабоце зь іх калектывамі... Можам канстатаваць, што работа выбудавана. Яна патрабуе ўдасканаленьня. Для нас прынцыповай задачай ёсьць якраз закрануць кожнага грамадзяніна нашай краіны», — падкрэсьліў чыноўнік.

У выніку паседжаньня сярод іншага вырашылі праводзіць пастаянны маніторынг, у канцы году ацэньваць работу кожнага намесьніка кіраўніка у сфэры ідэалёгіі.

Дырэктыву № 12 «Аб рэалізацыі асноваў ідэалёгіі беларускай дзяржавы» Лукашэнка падпісаў 9 красавіка 2025 году. «Прыярытэтнымі сфэрамі», у якіх ідэалягічная работа павінна праводзіцца «пад асаблівым кантролем дзяржавы», названыя адукацыя, культура, навука, спорт, этнаканфэсійныя адносіны, а таксама сямейная, моладзевая, інфармацыйная і гістарычная палітыка.

Новы ідэоляг Менску: што вядома
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:09:21 0:00

Адной з асноўных задачаў ідэалягічнай работы ў дырэктыве названа «дасягненьне разуменьня і шырокай падтрымкі насельніцтвам беларускай мадэлі грамадзкага разьвіцьця».

Да выхаду дырэктывы прадпрыемствы недзяржаўнай формы ўласнасьці ня мусілі наймаць у штат ідэолягаў.

  • Лукʼянаў быў прызначаны галоўным ідэолягам Менску 19 верасьня 2025 году. Да гэтага ўзначальваў прадзяржаўны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Пасьля прызначэньня публічна прызнаўся ў карʼерызьме і паставіў інтарэсы народу на апошняе месца: «Сьпяшаюся падзяліцца з вамі радаснай навіной! У пятніцу 19 верасьня прыступіў да дзяржаўнай службы! Гэта вельмі адказная пасада ў структуры выканаўчай улады нашай сталіцы. Прыкладу ўсе намаганьні, каб апраўдаць высокі давер кіраўніцтва. Перакананы, што разам мы выканаем усе задачы, якія перад намі ставіць наш Прэзыдэнт, кіраўніцтва гораду і нашы паважаныя грамадзяне!» — напісаў Лукʼянаў у сваім тэлеграм-канале.
  • 36-гадовы чыноўнік заявіў, што «зь юных гадоў імкнуўся стаць дзяржаўным службоўцам». «З упэўненасьцю магу сказаць, што менавіта як да дзяржаўнай службы ставіўся да працы і ў МНС, і ў выкладаньні, навуцы і да кіраўніцтва ў дзейнасьці нашага грамадзкага абʼяднаньня БРСМ. А зараз можна сказаць, што мара спраўдзілася афіцыйна!» — прызнаўся ідэоляг.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG