Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны Расеі апублікавала сьпіс «патэнцыйных цэляў» у эўрапейскіх краінах

Фота ілюстрацыйнае
Фота ілюстрацыйнае

Міністэрства абароны Расеі папярэдзіла эўрапейцаў аб пагрозах для іх бясьпекі праз наяўнасьць на тэрыторыі краін Эўропы супольных прадпрыемстваў вытворчасьці дронаў і іншых кампанэнтаў для вайскова-прамысловага комплексу Ўкраіны.

У абнародаваным 15 красавіка пераліку вызначаныя 11 украінскіх прадпрыемстваў, што знаходзяцца ў Вялікай Брытаніі, Даніі, Латвіі, Нямеччыне, Нідэрляндах, Літве, Польшчы і Чэхіі. Яшчэ 10 кампаніяў у Чэхіі, Ізраілі, Турэччыне, Італіі, Гішпаніі і Нямеччыне вызначаныя як вытворцы дэталяў для ўзбраеньня.

Намесьнік кіраўніка Савету бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў, камэнтуючы сьпіс, назваў яго «пералікам патэнцыйных цэляў» для расейскіх вайскоўцаў.

«Калі ўдары стануць рэальнасьцю, залежыць ад таго, што будзе далей. Сьпіце спакойна, эўрапейскія партнэры», — працытавала Расейская служба Радыё Свабода Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Заява Міністэрства абароны Расеі зьявілася пасьля таго, як у Бэрліне 14 красавіка адбылася сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з канцлерам Фрыдрыхам Мэрцам. На ёй Кіеў і Бэрлін узгаднілі абарончы пакет на 4 мільярды эўра, уключна зь фінансаваньнем паставак ракет для сыстэмаў СПА Patriot. Пасьля гэтага ўлады Расеі заявілі, што пастаўкі ўзбраеньня Ўкраіне толькі зацягваюць канфлікт.

15 красавіка ў Калінінградзе (Расея) адбылася сустрэча кіраўнікоў спэцслужбаў Беларусі і Расеі Івана Тэртэля і Сяргея Нарышкіна, якія дамовіліся працягваць каардынацыю «супрацьдзеяньня агрэсіўнай палітыцы Захаду».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG