Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэртэль і Нарышкін сустрэліся ў Калінінградзе. СВР пасьля выдала заяву

Сяргей Нарышкін, Іван Тэртэль і Аляксандар Лукашэнка. Ілюстрацыйны здымак.
Сяргей Нарышкін, Іван Тэртэль і Аляксандар Лукашэнка. Ілюстрацыйны здымак.

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі (КДБ) Беларусі і Служба вонкавай выведкі (СВР) Расеі дамовіліся працягваць каардынацыю супрацьдзеяньня агрэсіўнай палітыцы Захаду. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы СВР РФ аб выніках чарговага паседжаньня калегіяў КДБ і СВР.

Сустрэча прайшла 15 красавіка ў Калінінградзе пад кіраўніцтвам Івана Тэртэля і Сяргея Нарышкіна, паведамляе БелТА.

«Кіраўнікі спэцслужбаў абмяняліся ацэнкамі стану глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі. Асаблівая ўвага ў ходзе сустрэчы была нададзена ўдасканаленьню формаў і мэтадаў сумеснай работы ва ўмовах актуальнай геапалітычнай сытуацыі ў сьвеце. Пацьверджана дамоўленасьць аб далейшай каардынацыі ў пытаньнях процідзеяньня агрэсіўнай палітыцы Захаду адносна Расеі і Беларусі. Першачарговай задачай пазначана забесьпячэньне кіраўніцтва РФ і Рэспублікі Беларусь актуальнай і дакладнай інфармацыяй аб падрыўных плянах краін Захаду і блёку NATO на постсавецкай прасторы і зьвязаных з гэтым пагрозах для Саюзнай дзяржавы», — паведамілі ў СВР РФ.

Спэцслужбы Беларусі і Расеі дамовіліся «актывізаваць узаемадзеяньне, каб не дапусьціць пранікненьня на тэрыторыю „Саюзнай дзяржавы“ носьбітаў экстрэмісцкай ідэалёгіі і тэрарыстаў-баевікоў», — заявілі ў прэс-службе.

СВР Расеі 9 лютага заявіла, што заходнія краіны нібыта плянуюць правесьці «пільную „інвэнтарызацыю“ беларускіх апазыцыйных кадраў на прадмет іх выкарыстаньня ў падрыўной дзейнасьці».

Для рэалізацыі «сцэнару каляровай рэвалюцыі», як сьцьвярджала расейская выведка, ставіцца задача «вышукаць у беларускім грамадзтве новых лібэральных пасіянарыяў», бо «зьбеглыя дзеячы на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай, якія акапаліся ў Літве і Польшчы», за апошнія гады нібыта «расьпісаліся ў сваёй поўнай немачы хоць неяк паўплываць на працэсы ў роднай краіне».

У сувязі з гэтым, адзначыла спэцслужба, «мяркуецца сфармаваць рэсурс „раззлаваных на Аляксандра Лукашэнку“ з прыцэлам на прэзыдэнцкія выбары 2030 году».

12 лютага прэс-сакратар МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што Расея «ня будзе назіраць склаўшы рукі» за тым, як Захад намагаецца «адарваць Беларусь ад Расеі».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG