Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявіцца аналяг Instagram, ён будзе працаваць нават без інтэрнэту

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Запуск плятформы чакаецца ў бліжэйшыя месяцы.

Распрацоўнікі пазыцыянуюць новую сацыяльную сетку як лякальны аналяг папулярнай сеткі Instagram.

Паводле аўтара праекту Яна Гулевіча, сэрвіс захавае звычайны функцыянал (гісторыі, падабайкі, камэнтары і кароткія відэа), але дапоўніць яго інструмэнтамі, арыентаванымі на лякальны рынак, піша devby.

«Запускаем сваю сацсетку YALINK, адаптаваную пад Беларусь і незалежную ад староньніх пагроз „зараз мы вас усіх як адключым і заблякуем“. Плятформа будзе ня проста „прыгожай стужкай для кантэнту“, а разумным бізнэс-профілем», — заявіў бізнэсоўца.

Адной з ключавых асаблівасьцяў стане ўбудаваны запіс на паслугі наўпрост у профілі. Карыстальнікі змогуць атрымліваць апавяшчэньні пра новыя прапановы бяз спаму, а пошук будзе працаваць не па гэштэгах, а па відах паслуг з улікам бюджэту, паведамілі стваральнікі.

Распрацоўнікі таксама зрабілі стаўку на незалежнасьць плятформы: праграма ня будзе распаўсюджвацца праз App Store ці Google Play — усталяваць яе можна будзе непасрэдна з аглядальніка. Паводле Гулевіча, гэта дазволіць пазьбегчы рызык блякаваньняў.

Таксама праграма будзе працаваць без накідваньня старонак, якія «могуць спадабацца». Карыстальнік будзе бачыць толькі тое, на што падпісаўся сам.

Што тычыцца працы сацыяльнай сеткі ў выпадку адсутнасьці сеціва, дык гэта будзе магчыма праз Bluetooth з тымі, хто знаходзіцца паблізу.

Нядаўна ў Беларусі пачала распаўсюджвацца расейская праграма абмену паведамленьнямі Max як альтэрнатыву Тэлеграму і іншым. Карыстальнікаў сталі папярэджваць пра непразрыстасьць зьвестак у ёй.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG