Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пілётам дэльтапляну, які разьбіўся пад Менскам, быў музыка гурту «Цвет алоэ»

На месцы падзеньня дэльтапляну
На месцы падзеньня дэльтапляну

Стала вядомае адно з імёнаў людзей, якія загінулі пад Менскам 14 красавіка пасьля няўдалага палёту.

Пілётам мотадэльтапляну, які разьбіўся 14 красавіка пад Менскам, быў музыка Руслан Іваноў. Пра гэта ў Instagram паведаміў ягоны сябар Сяргей Лапкоўскі.

Сяргей Лапкоўскі і Руслан Іваноў разам гралі ў гурце «Цвет алоэ». Пазьней Іваноў вывучыўся на пілёта, атрымаў камэрцыйную ліцэнзію і працаваў у клюбе «Аэра-Менск», што прапануе палёты на мотадэльтапляне, гірапляне і паветраным балёне.

Лапкоўскі зьняпраўдзіў чуткі, якія пачалі віраваць у сацыяльных сетках, маўляў, пілёт ня быў прышпілены і выпаў з дэльтапляну, а пасажырка засталася там сама.

«Я знаў Руслана 24 гады. Ён быў дасьведчаным пілётам. Паводле інфармацыі ад ягонага брата, у час узьлёту дэльтаплян трапіў у няправільную паветраную плынь, яму заламала крыло, і яны ўпалі. Руслан быў прышпілены, а ўсё, што пішуць у сацсетках, — няпраўда. Гэта выпадковасьць, якая адбылася праз прыродныя абставіны, ад якіх ніхто не застрахаваны. Я лятаў з Русланам, напэўна, чатыры разы і цалкам давяраў яму сваё жыцьцё», — сказаў Сяргей Лапкоўскі.

Катастрофа адбылася днём 14 красавіка каля вёскі Азярцо ў Менскім раёне. Паводле Сьледчага камітэту, разьбіўся мотадэльтаплян «Фрэгат». На борце былі 45-гадовы пілёт і 26-гадовая пасажырка — абое загінулі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, пілёт у час палёту ня даў рады кіраваньню. Сьведкі паведамляюць, што пасьля набору вышыні апарат раптоўна пачаў падаць. Пасьля падзеньня ніхто ня выжыў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG