Тым часам «Хэзбала» запусьціла ракеты па Ізраілі празь некалькі гадзін пасьля таго, як Лібан і Ізраіль дамовіліся аб беспасярэдніх перамовах. Арганізацыя выступае супраць ізраільска-лібанскіх перамоваў.
«Хэзбала» — баявая групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. ЗША лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй, хоць Эўразьвяз унёс у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло.
Ізраіль працягвае свае ўдары па паўднёвым Лібане ў вайне з падтрымоўванай Іранам «Хэзбалой», але не наносіў удараў па сталіцы Лібану пасьля сэрыі атак па ўсёй краіне 8 красавіка, у выніку якіх загінулі больш за 350 чалавек.
Дзяржаўнае Нацыянальнае інфармацыйнае агенцтва Лібану паведаміла пра два асобныя ўдары Ізраілю па дзьвюх машынах: адзін у прыбярэжным горадзе Саадыят, а другі на прыбярэжнай шашы ў суседнім горадзе Джыя, прыкладна за 20 кілямэтраў на поўдзень ад Бэйруту і за межамі традыцыйных цытадэляў «Хэзбалы».
Тымчасам ізраільскія вайскоўцы заявілі, што з раніцы выявілі «прыкладна 30 пускаў» ад баевікоў «Хэзбалы» па Ізраілі, паведаміла AFP. «Хэзбала» заявіла, што запусьціла ракеты па 10 паўночных ізраільскіх раёнах.
Гэтыя атакі адбыліся празь дзень пасьля таго, як паслы Лібану і Ізраілю ў Злучаных Штатах правялі свае першыя за дзесяцігодзьдзі беспасярэднія перамовы ў Вашынгтоне і дамовіліся правесьці наступныя, а пасланьнік Лібану заклікаў да спыненьня агню.
«Хэзбала» яшчэ раз рашуча адхіліла перамовы.
Паводле зьвестак лібанскіх уладаў, з 2 сакавіка ў выніку нападаў Ізраілю на Лібан загінулі больш за 2000 чалавек, а больш за мільён мусілі пакінуць свае дамы.
Форум