Як паведаміў дзяржаўны тэлеканал «Першы інфармацыйны», цяпер гэтую сыстэму, створаную пры дапамозе штучнага інтэлекту, плянуюць распаўсюдзіць на ўсе рэгіёны Беларусі.
На месцы выпрабаваньня інтэлектуальнай сыстэмы акурат праходзіць міграцыйны калідор дзікіх жывёлаў. Летась на гэтым участку дарогі жывёлы 18 разоў выбягалі на праежджую частку, але дзякуючы сыстэме не было ніводнага дарожнага здарэньня зь іх удзелам.
«Калі жывёліна падыходзіць да сеткі, рэагуюць камэры й сэнсары і загараюцца папераджальныя знакі, якія інфармуюць кіроўцаў аб знаходжаньні жывёліны або раптоўным яе зьяўленьні на праежджай частцы», — сказаў генэральны дырэктар прадпрыемства «Гомельаўтадар» Дзяніс Ясько.
У матэрыяле адзначаецца, што пры дапамозе штучнага інтэлекту камэры навучылі запамінаць сылюэты жывёлаў і аўтаматычна перадаваць гэтыя зьвесткі ў сыстэму, якая ў сваю чаргу перадае сыгналы на папераджальныя знакі за 250 мэтраў ад небясьпечнага ўчастку.
У дарожным прадпрыемстве «Белдарсувязь» дадалі, што ўсталяваньне інтэлектуальнай сыстэмы ў месцах міграцыйных калідораў праз дарогі таньнейшае, чым будаўніцтва адмысловых пераходаў для жывёлы.
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у 2025 годзе ў Беларусі зафіксавалі 4 998 дарожна-транспартных здарэньняў з удзелам дзікіх жывёлаў. Найбольш іх адбываецца з красавіка да чэрвеня, калі маладыя асобіны пачынаюць самастойнае жыцьцё і шмат перамяшчаюцца.
Летась у Беларусі ўсё часьцей пачалі выкарыстоўваць магчымасьці штучнага інтэлекту. У жніўні 2025 году стала вядома, што сама меней на двух газавых прадпрыемствах пачала працаваць робат-асыстэнтка Алена, створаная пры дапамозе штучнага інтэлекту.
У кастрычніку паведамілі, што ў Менску рынкавы кошт кватэраў будзе ацэньваць штучны інтэлект.
Перад гэтым, у красавіку 2025-га, разьвіцьцё штучнага інтэлекту ўключылі ў прыярытэтныя кірункі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасьці ў Беларусі на 2026–2030 гады.
Сёлета ў красавіку раённае выданьне «Крычаўскае жыцьцё» паведаміла аб залучэньні ў яго працу журналіста, створанага пры дапамозе штучнага інтэлекту.
Форум