Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Сяргей Сацук пяты раз у няволі сустракае дзень народзінаў. У яго праблемы са здароўем

Галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук. Архіўнае фота
Галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук. Архіўнае фота

15 красавіка былому рэдактару «Ежедневника» спаўняецца 58 гадоў. Вядомы журналіст-расьсьледнік пяты раз сустракае дзень народзінаў у няволі.

Сяргей Сацук адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Паводле былога вязьня, які адбываў пакараньне ў той жа калёніі і нядаўна вызваліўся, здароўе Сяргея ў апошні час значна пагоршылася.

«Са здароўем вялікія праблемы. Пра сэрца лекар сказаў, што трэба ставіць кардыёстымулятар, безь якога кожны дзень як лятарэя. Але ў калёніі ніхто гэтага рабіць ня будзе. Плюс сур’ёзныя праблемы з падстраўнікавай залозай і хрыбетнікам, а ўсе патрэбныя лекі дасылаць не дазваляюць. Яму вельмі складана», — паведаміла крыніца, якая прасіла не называць імя з прычын бясьпекі.

Сяргей Сацук, як і іншыя вязьні не пэнсійнага ўзросту, мусіць працаваць на вытворчасьці.

«Працуе на прамзоне, жалеза цягае. Лёгкай працы там няма», — адзначыла крыніца.

Журналіста-расьсьледніка, рэдактара беларускага парталу «Ежедневник» (ej.by) Сяргея Сацука ў кастрычніку 2022 году асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня і штраф у 500 базавых велічыняў.

У абвінаваўчай выснове супраць журналіста фігуравалі тры артыкулы Крымінальнага кодэксу: 430 («атрыманьне хабару»), 130 («распальваньне варожасьці або звады») і 426 («перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў»). Праваабаронцы заяўлялі аб палітычных матывах перасьледу журналіста, прызналі яго палітвязьнем і дамагаюцца вызваленьня.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у зьняволеньні застаюцца 23 журналісты і супрацоўнікі беларускіх мэдыя.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG