Відэагостынг YouTube, які належыць амэрыканскай кампаніі Google, выдаліў прапагандысцкія каналы БелТА, СТВ і АНТ. У эфіры «СБТВ» старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Мікалай Бузін разважаў пра матывы гэтага рашэньня.
На думку Бузіна, Беларусь выйшла на такі ўзровень вяшчаньня і ўменьня даносіць свае ідэі, што напалохала некаторых людзей, у тым ліку за акіянам.
«Рэспубліка Беларусь, не ваюючы, трансьлюе праўду, рэальную абстаноўку, кажа пра тое, што можа быць заўтра, калі мы сёньня ня знойдзем пунктаў судакрананьня. І гэта найбольш напалохала тых, хто кантралюе тую плятформу. Гэта ў нейкай ступені прызнаньне нашага прафэсіяналізму, а таксама таго, што нават невялікая памерам дзяржава здольная вырашаць сур’ёзныя задачы ў інфармацыйнай прасторы», — падкрэсьліў ён.
Бузін перакананы, што ўся сусьветная журналісцкая супольнасьць асудзіла блякаду лукашэнкаўскіх каналаў. «Цяпер нас баяцца і паважаюць». — заявіў ён.
Зараз, як лічыць дэпутат, прапаганда Лукашэнкі павінна выходзіць на новыя аўдыторыі — Кітай, Індыю, Лацінскую Амэрыку.
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла, што каналы выдаліла 3 красавіка «адміністрацыя відэагостынгу» з прычыны санкцыяў. Як мяркуецца, адной з прычын выдаленьня магла стаць публікацыя гэтымі каналамі пэрсанальных зьвестак беларускіх грамадзкіх актывістаў і журналістаў за мяжой. У сваіх этэрах прапагандысты пагражалі палітычным уцекачам.
Форум