Адзінаццаць дзяржаваў прагаласавалі за праект дакумэнту, прапанаваны Бахрэйнам. Яшчэ два сябры Рады Бясьпекі (Пакістан і Калюмбія) устрымаліся.
Згодна з праектам, пацярпелым дзяржавам прапаноўвалася каардынаваць свае абарончыя захады для гарантаваньня бясьпекі на моры, а Ірану — спыніць напады на гандлёвыя вадаплавы ў Армускай пратоцы.
Да выстаўленьня на галасаваньне у праект рэзалюцыі ўнесьлі зьмены. У ранейшай вэрсіі дакумэнту наўпрост згадваўся 7-ы разьдзел Статуту ААН, які надзяляе Раду Бясьпекі паўнамоцтвамі прымаць меры — ад санкцыяў да ўжываньня вайсковай сілы, піша Reuters.
Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў у мінулую пятніцу, што прыняцьце рэзалюцыі можа прывесьці да зрыву перамоваў аб іранскім урэгуляваньні або легітымізуе баявыя дзеяньні супраць Ірану.
Міністар замежных справаў Бахрэйну Абдэль Латыф Аз-Заяні заявіў перад галасаваньнем у Радзе Бясьпекі, што праект ёсьць сур’ёзным адказам на варожыя паводзіны Ірану і што няздольнасьць Рады Бясьпекі адрэагаваць на выкарыстаньне жыцьцёва важнага воднага шляху ў якасьці вагара ціску будзе мець сур’ёзныя наступствы для ўсяго сьвету.
Суднаходзтва праз Армускую пратоку — вузкі водны шлях, на які прыпадае пятая частка ўсясьветнага экспарту нафты і газу — фактычна спынілася пасьля таго, як Тэгеран прыгразіў атакаваць караблі ў адказ на амэрыканска-ізраільскую ваенную кампанію. Блякада прывяла да рэзкага росту цэнаў на паліва ўва ўсім сьвеце і вымусіла некаторыя краіны, перш за ўсё ў Азіі, абмежаваць спажываньне і нармаваць пастаўкі, адзначае DPA.
Ізраіль і ЗША наносяць удары па Іране з 28 лютага. Галоўнай мэтай апэрацыі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў недапушчэньне зьяўленьня ядзернай зброі ў Ірану.
Іран у адказ б’е па амэрыканскіх базах і інфраструктуры хаўрусьнікаў Вашынгтону ў краінах Пэрсыдзкай затокі.
Форум