Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З канца сьнежня 2025 году ў Беларусі прымусова зьліквідавалі ня менш за 14 недзяржаўных арганізацыяў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 2020 улады зьліквідавалі як мінімум 2020 беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў, асацыяцыяў і фондаў.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы праваабаронцаў Lawtrend.

З апошніх нашумелых выпадкаў — закрыцьцё фонду дапамогі анкахворым дзецям «КіндэрВіта». Дзяржаўныя СМІ абвінавацілі фонд у тым, што частка сабраных грошай нібыта накіроўвалася не на лячэньне дзяцей, а на асабістыя патрэбы некаторых яго супрацоўнікаў.

Праваабаронцы адзначылі, што тэма дыскрэдытацыі незалежных дабрачынных арганізацыяў у СМІ атрымала новае разьвіцьцё з канца студзеня. Гэтак улады спрабуюць сфармаваць нэгатыўнае стаўленьне людзей да недзяржаўных ініцыятываў, лічаць у Lawtrend.

Згодна з маніторынгам Lawtrend, з пачатку 2021 па канец лютага 2026 году прымусова зьліквідавалі ня менш за 1239 некамэрцыйных арганізацыяў розных арганізацыйна-праўных формаў. 781 арганізацыя вырашыла зьліквідавацца сама.

Lawtrend — праваабарончая арганізацыя, якая рэгулярна праводзіць маніторынг сытуацыі з свабодай асацыяцыяў і стану грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Паводле яе высноваў, у лютым 2026 году ў Беларусі працягвалася сыстэмнае звужэньне прасторы для дзейнасьці арганізацый грамадзянскай супольнасьці, уключаючы зарэгістраваныя грамадзкія абʼяднаньні, фонды і ўстановы.

«Праўнае і фактычнае становішча арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці працягвае характарызавацца высокім узроўнем адміністрацыйнага ціску, рызыкамі прыцягненьня да адказнасьці за невыкананьне фармальных патрабаваньняў заканадаўства, а таксама абмежаваным доступам да фінансавых і іншых рэсурсаў», — адзначаюць праваабаронцы ў высновах маніторынгу за люты 2026 году.

Паводле Міністэрства юстыцыі Беларусі, на 1 студзеня 2026 году ў Рэспубліцы Беларусь былі зарэгістраваныя 4 палітычныя партыі (усе праўладныя) і 1337 грамадзкіх арганізацыяў.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG