«Гэта яшчэ раз паказвае: гаворка не пра „гуманнасьць“ або „жэсты добрай волі“, якія спрабуе дэманстраваць рэжым Аляксандр Лукашэнка. Гэта працяг рэпрэсіяў — проста ў іншай форме і ўжо за межамі краіны», — лічыць прадстаўніца АПК у сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская.
Паводле Зазулінскай, сытуацыя выглядае як пасьлядоўная схема ціску: людзей спачатку незаконна пазбаўляюць волі, потым прымусова вывозяць з краіны, а цяпер фактычна пазбаўляюць дакумэнтаў. Яна падкрэсьліла, што частка вызваленых і раней ня мела пашпартоў, а цяпер іх трацяць нават тыя, у каго яны былі.
Првдстаўніца АПК зьвярнула ўвагу на сур’ёзныя наступствы такога рашэньня: праблемы з легалізацыяй, доступам да працы, жыльля і базавых паслугаў, а таксама неабходнасьць тэрмінова атрымліваць альтэрнатыўныя праязныя дакумэнты. Бязь іх людзі абмежаваныя ў перамяшчэньні і становяцца ўразьлівымі з праўнага гледзішча.
Яна таксама паведаміла, што гэтае пытаньне ўжо абмяркоўваецца з міжнароднымі партнэрамі, у тым ліку з уладамі Літвы, Польшчы і прадстаўнікамі ЗША. Паводле Зазулінскай, трэба тэрмінова выпрацаваць мэханізмы выдачы альтэрнатыўных дакумэнтаў, каб людзі не заставаліся ў «праўным вакуўме».
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у праўных пытаньнях Леанід Марозаў патлумачыў, што прызнаньне пашпартоў несапраўднымі нават у межах тэрміну іх дзеяньня фактычна пазбаўляе гэтыя дакумэнты юрыдычнай сілы.
Паводле яго, у такой сытуацыі людзі вымушаныя абапірацца не на нацыянальныя дакумэнты, а на рашэньні дзяржаваў, якія іх прымаюць, і працэдуры выдачы альтэрнатыўных праязных дакумэнтаў для пацьверджаньня асобы і яе праўнага статусу.
Форум