Уначы пад Аранамі (літ. Varėna) падарваўся і ўпаў неапазнаны аб’ект, як мяркуецца — бесьпілётнік. У распараджэньне рэдакцыі каналу LRT трапілі відэаматэрыялы, на якіх зафіксаванае здарэньне — начны выбух побач зь вёскай Лавісас.
Паводле слоў прадстаўнікоў літоўскага войска, паводле папярэдніх зьвестак, аб’ект ноччу перасёк мяжу Літвы і ўпаў. На зафіксаваным відэазапісе чутны гук аб’екту, які ляціць, аднак камэра не фіксуе яго ў начным небе. Празь некалькі сэкундаў гучыць выбух, на гарызонце ўспыхвае полымя і пачынаюць падаць абломкі.
Пакуль незразумела, які менавіта аб’ект мог упасьці ў Аранскім раёне. Паводле запісаў камэраў назіраньня, здарэньне адбылося, а 03:04.
Прадстаўнік Дэпартамэнту супрацьпажарнай аховы і ратавання Ёліта Арэнтайце пацьвердзіла агенцтву BNS, што пасьля атрыманьня інфармацыі ад паліцыі ратаўнікі таксама прыбылі на месца здарэньня.
Паводле даных Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі, экстраныя службы і войска высьвятляюць акалічнасьці.
Пазьней прадстаўнік узброеных сіл балтыйскай краіны Гінтаўтас Цюніс заявіў журналістам, што «рабочая тэорыя» заключаецца ў тым, што бесьпілётнік прыбыў зь Беларусі. Яго не зафіксавалі на радарах Літвы, піша AFP.
Цюніс заявіў, што Літва разгортвае падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны з раёнаў паблізу Вільні.
Відэа, апублікаванае ў сацыяльных сетках і на тэлебачаньні LRT, зафіксавала тое, што гучала як бесьпілётнік, і паказала наступны выбух.
Адзін з жыхароў, які зьняў гэтае месца, Вітаўтас Лабеднікас, распавёў LRT, што бесьпілётнік разбудзіў яго адразу пасьля 3:00 раніцы, праляцеўшы вельмі нізка над яго домам.
«Выбух быў настолькі моцным, што вокны задрыжалі», — сказаў ён.
У ліпені 2025 года два бесьпілотнікі ўжо ўварваліся ў паветраную прастору Літвы пасьля таго, як, відавочна, адхіліліся ад траекторыі палёту падчас расійскіх нападаў на Украіну.
Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене заявіла, што 24 сакавіка а 10-й гадзіне склікае пасяджэньне Камісіі ў нацыянальнай бясьпецы, на якім ураду раскажуць усе абставіны здарэньня.
Форум