Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 23 сакавіка: экс-дырэктара алімпійскага цэнтру фрыстайлу завочна асудзілі на 12 гадоў

абноўлена
Менскі гарадзкі суд, архіўнае фота
Менскі гарадзкі суд, архіўнае фота

Хроніка перасьледу: Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Экс-дырэктара алімпійскага цэнтру фрыстайлу завочна асудзілі на 12 гадоў

У Менскім гарадзкім судзе 20 сакавіка завочна разгледзелі крымінальную справу супраць Вадзіма Крывашэева, піша «Вясна». Яго абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 426 («перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў»), ч. 1 арт. 357 («змова або іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу ўлады»), ч. 3 арт. 361 («заклікі да санкцыяў або іншых дзеяньняў, шкодных для нацыянальнай бясьпекі»), ч. 3 арт. 361-1 («стварэньне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні») Крымінальнага кодэксу.

Суд прызначыў Вадзіму 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 1000 базавых велічыняў (45 000 рублёў).

У верасьні 2020 году Крывашэева звольнілі з пасады дырэктара РЦАП фрыстайлу за «дрэнную ідэалягічную працу ў калектыве». Пасьля гэтага ён зьехаў з Беларусі.

Ад 10 да 8 гадоў няволі за нібыта змову ў «дваровым чаце»

Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя прозьвішчы шасьці жанчын, якіх асудзілі на вялікія тэрміны ў справе «дваровых чатаў».

Прысуд у гэтай справе вынесьлі ў Менску 19 сакавіка. Агулам асудзілі восем жанчын паводле артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу «Змова або іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

Сьвятлану Мяцельскую асудзілі на 10 гадоў калёніі, Вікторыю Грынько — на 9 гадоў, Ірыну Якаўлеву, Анжэлу Агарак і Натальлю Дароніну — на 8,5 году калёніі кожную, а Вольгу Вараб’ёву — на 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўленьня волі. Таксама ўсім прызначылі штрафы.

Прозьвішчы яшчэ дзьвюх жанчын, асуджаных у справе «дваровых чатаў», праваабаронцы высьвятляюць.

Яшчэ адзін вырак за «экстрэмізм»

26‑гадовую прадстаўніцу сфэры інтэрнэт-маркетынгу Аляксандру Яніцкую асудзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле частак 1 і 2 артыкулу 361‑4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Ёй прысудзілі, імаверна, «хатнюю хімію», піша «Наша Ніва». Яна працавала інтэрнэт-маркетолягам у прыватнай кампаніі ў Менску.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

XS
SM
MD
LG