Улады Чэхіі расьсьледуюць як наўмысны напад пажар, які адбыўся ў ноч на пятніцу на тэрыторыі прамысловага цэху ў горадзе Пардубіцы, за 120 кілямэтраў на ўсход ад Прагі.
Чэская абаронная кампанія LPP Holding, якой належыць цэх, выпускае бесьпілётныя сыстэмы. Сярод іншага, яна робіць пастаўкі ва Ўкраіну. У сьнежні 2025 году кампанія паказала крылатую ракету Narwhal з далёкасьцю палёту больш за 600 км, якую плянавалася перадаць Узброеным сілам Украіны.
Тры гады таму LPP Holding таксама абʼявіла пра пляны супрацоўніцтва з ізраільскай кампаніяй Elbit Systems для вытворчасьці бесьпілётнікаў.
Раніцай 20 сакавіка чэскія журналісты атрымалі паведамленьне ад невядомай раней групоўкі «Фракцыя землятрусу». Як паведамляе навіновы сайт Aktuálně.cz, групоўка зьвязвае свае дзеяньні з пратэстам супраць вытворчасьці на аб'екце ў Пардубіцах зброі для Ізраіля.
«Мяркуючы па наяўнай у нас інфармацыі, верагодна, інцыдэнт можа быць зьвязаны з тэрарыстычным актам», — заявіў міністар унутраных спраў Чэхіі Любамір Мэтнар.
У выніку пажару на складзе ніхто не пацярпеў, але агонь перакінуўся на яшчэ адзін будынак. LPP Holding у заяве на сваім сайце пацьвердзіла факт пажару на адным са сваіх прадпрыемстваў у пятніцу і заявіла аб супрацоўніцтве з уладамі.
«Мы ня будзем будаваць здагадкі аб прычынах або абставінах інцыдэнту і будзем чакаць афіцыйных высноваў расьсьледаваньня», — заявілі прадстаўнікі кампаніі.
Форум