Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі цемру бачу». Палітвязень Вацлаў Арэшка амаль страціў зрок у зьняволеньні

Вацлаў Арэшка. Архіўнае фота
Вацлаў Арэшка. Архіўнае фота

Актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка, якога ўжо амаль чатыры гады трымаюць у зьняволеньні, амаль страціў зрок, паведаміла Свабодзе інфармаваная крыніца.

«Кажа — зрок усё, ужо толькі цемру бачыць. Настрой, вядома, ня вельмі. Акрамя зроку, агульны стан здароўя таксама пагоршыўся», — расказала пра палітвязьня крыніца.

Вацлава Арэшку затрымалі ў красавіку 2022 году, праз год яму прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня, ужо трэці год палітвязьня трымаюць у івацэвіцкай калёніі № 22. Праз пэнсійны ўзрост палітвязьня не прымушаюць працаваць, але ягоны фізычны стан такі, што ён мусіць да мінімуму абмежаваць перасоўваньні.

Праваабаронцы ўключылі Вацлава Арэшку ў сьпіс палітвязьняў у стане асаблівай рызыкі паводле здароўя, якіх трэба як мага хутчэй вызваліць.

«Зімой было, зь ім размаўлялі ўжо з такімі намёкамі, што неўзабаве выпусьцяць, але нічога не здарылася», — сказала крыніца пра Вацлава Арэшку.

Пра сытуацыю з Вацлавам Арэшкам таксама расказвалі былыя палітвязьні, якім летась пашчасьціла выйсьці на волю.

Гэтак, у верасьні на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні пра Арэшку расказаў былы палітвязень Аляксандар Манцэвіч, які таксама адбываў тэрмін у калёніі № 22. Паводле Манцэвіча, Арэшка ўжо на той момант амаль нічога ня бачыў, хоць раней чытаў кнігі.

«Яму дапамагаюць іншыя вязьні. Ідучы пад руку ў сталоўку, Вацлаў пытае, ці ёсьць на небе сонца. Як ходзіць уначы ў прыбіральню, то бывае, што спатыкаецца і падае, бо дрэнна бачыць», — расказаў Аляксандр Манцэвіч пра Арэшку.

У студзені 2026 году Вацлаву Арэшку споўнілася 70 гадоў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у калёніі Вацлаў Арэшка спрабаваў аформіць інваліднасьць, але зрабіць яму гэта пакуль не ўдалося.

Палітоляг і грамадзкі дзяяч, актывіст прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка ў пачатку 2023 году быў асуджаны паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з «стварэньнем экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзелу ў ім», яго асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня.

Праваабарончая ініцыятыва dissidentby прызнала 1179 асуджаных з палітычных матываў палітвязьнямі.

У сьпісе палітвязьняў праваабарончага цэнтру «Вясна» — 1140 зьняволеных.

Улады пэрыядычна вызваляюць зьняволеных, але затрыманьняў і судоў над абвінавачанымі з палітычных матываў не спыняюць.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG