Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NYT: сын Хамэнэі — галоўны кандыдат на пасаду вярхоўнага лідэра Ірану

Мджтаба Хамэнэі
Мджтаба Хамэнэі

Газэта The New York Times з спасылкай на тры іранскія крыніцы піша, што ў Іране ў выніку паседжаньня Рады экспэртаў галоўным прэтэндэнтам на пасаду найвышэйшага кіраўніка Ірану стаў Муджтаба Хамэнэі, сын забітага аяталы Алі Хамэнэі.

Духавенства разглядала магчымасьць абвясьціць, што сын Хамэнэі стане яго пераемнікам, раніцай 4 сакавіка, але некаторыя чальцы Рады выказалі перасьцярогу, што гэта можа зрабіць яго мішэньню для ЗША і Ізраілю, сьцьвярджае выданьне.

Увечары 3 сакавіка незалежнае выданьне Iran International і DW з спасылкай на крыніцы паведамілі, што сын Алі Хамэнэі 56-гадовы Муджтаба ўжо быў абраны новым найвышэйшым кіраўніком Ірану, як сьцьвярджаецца, пад ціскам Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР). Афіцыйна гэтая інфармацыя не пацьверджаная.

Міністар абароны Ізраілю Ісраэль Кац заявіў, што ўсякі лідэр, прызначаны «іранскім тэрарыстычным рэжымам», стане «безумоўнай мэтай для ліквідацыі».

«Усякі лідэр, прызначаны іранскім тэрарыстычным рэжымам для працягу рэалізацыі пляну зьнішчэньня Ізраілю, пагрозаў на адрас ЗША, вольнага сьвету і краінаў рэгіёну, а таксама для прыгнёту іранскага народу, стане безумоўнай цэльлю для ліквідацыі. І ўсё роўна, як яго завуць і дзе ён» — напісаў ізраільскі міністар у сацсетцы X.

Арміі абароны Ізраілю, паводле міністра, даручана «падрыхтавацца і дзейнічаць усімі магчымымі спосабамі для выкананьня гэтай місіі як неад’емнай часткі мэтаў апэрацыі „Рык лява“. «Мы працягнем прыкладаць усе намаганьні сумесна з нашымі амэрыканскімі партнэрамі, каб разбурыць магчымасьці рэжыму і стварыць умовы для яго зрынаньня», — заявіў Кац.

Муджтаба Хамэнэі, як адзначае The New York Times, — уплывовая фігура, якая дзейнічала ў ценю свайго бацькі, забітага 28 лютага ў выніку амэрыкана-ізраільскіх удараў па Іране. Тры суразмоўцы газэты расказалі, што на яго прызначэньні настойваў КВІР, сьцьвярджаючы, што ён мае неабходную кваліфікацыю для кіраваньня Іранам у крызісны пэрыяд. СМІ таксама пішуць, што сын Хамэнэі зьвязаны з кіраўніцтвам КВІР і «кіраваў здушэньнем пратэстаў у краіне».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG