Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як скончым – бярыце ўладу ў свае рукі». Апэрацыю супраць Ірану пракамэнтавалі Трамп, Нэтаньягу, Пэхлеві

Фота з сацсетак
Фота з сацсетак

28 лютага Дональд Трамп пракамэнтаваў у сацсетцы Truth Social удары ЗША па Іране, заявіўшы, што амэрыканскія вайскоўцы маюць намер зьнішчыць усю ракетную прамысловасьць і ВМС Ірану.

«Мы зьбіраемся зьнішчыць іхныя ракеты і зраўняць іхную ракетную прамысловасьць зь зямлёй. Яна будзе цалкам зьнішчаная. Мы зьбіраемся зьнішчыць іх вайскова-морскі флёт. Мы зьбіраемся пераканацца, што тэрарыстычныя марыянэткі ў рэгіёне больш ня змогуць дэстабілізаваць рэгіён ці сьвет і атакаваць нашы сілы. І мы забясьпечым, каб Іран не атрымаў ядзерную зброю. Гэта вельмі простае пасланьне. У іх ніколі ня будзе ядзернай зброі».

«Наша мэта — абараніць амэрыканскі народ шляхам ліквідацыі немінучых пагрозаў з боку іранскага рэжыму, заганнай групы вельмі жорсткіх, жахлівых людзей. Яго пагрозьлівая дзейнасьць наўпрост ставіць у небясьпеку Злучаныя Штаты, нашы войскі, нашы замежныя базы і нашых хаўрусьнікаў ува ўсім сьвеце», — сказаў Трамп у відэазвароце.

Ён зьвярнуўся да іранцаў: «Калі мы скончым — вазьміце ўладу ў свае рукі. Яна будзе належаць вам. Гэта, імаверна, адзіны ваш шанец на працягу пакаленьняў».

Рэза Пэхлеві: «Гэта гуманітарнае ўмяшаньне»

Сын апошняга іранскага шаха Рэза Пэхлеві таксама выступіў са зваротам. Ён заклікаў іранскі народ рыхтавацца да «вырашальнай бітвы»

Асноўнае зь яго звароту:

«Дапамога, якую прэзыдэнт Злучаных Штатаў паабяцаў адважнаму народу Ірану, ужо тут. Гэта гуманітарнае ўмяшаньне, і яго цэльлю ёсьць Ісламская Рэспубліка, яе рэпрэсіўны апарат і машына гвалту — а не краіна і вялікі народ Ірану.

Аднак нават з надыходам гэтай дапамогі канчатковая перамога будзе дасягнутая нашымі рукамі. Менавіта мы, народ Ірану, давядзём гэтую справу да канца ў гэтай вырашальнай бітве».

Таксама Пэхлеві зьвярнуўся да ўзброеных сілаў Ірану і заклікаў іх «далучыцца да народу», і да Дональда Трампа — з просьбай аб «максымальнай асьцярожнасьці».

Рэза Пэхлеві — унук заснавальніка шахскай дынастыі Рэзы Пэхлеві, у гонар якога ён быў названы. Пасьля ісламскай рэвалюцыі 1979 году ён абвясьціў сябе законным кіраўніком Ірану ў выгнаньні.


Нэтаньягу: «Умовы, каб іранскі народ узяў лёс у свае рукі»

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што сумесны ўдар ЗША і Ізраілю па Іране «створыць умовы для таго, каб сьмелы іранскі народ змог узяць свой лёс ва ўласныя рукі». «Надышоў час усім пластам іранскага грамадзтва скінуць ярмо тыраніі і прывесьці да стварэньня свабоднага і міралюбнага Ірану», — гаворыцца ў заяве Нэтаньягу.

Прадстаўнік Злучаных Штатаў у камэнтары Радыё Свабода пацьвердзіў удзел Амэрыкі ў апэрацыі супраць Ірану. Амэрыканскі службовец кажа, што авіяўдары яшчэ працягваюцца і маюць на мэце «аслабіць інфраструктуру бясьпекі Ірану».

СМІ пішуць, што, паводле іранскіх крыніц, гэтая дзяржава рыхтуецца да адказу, і ён «будзе зьнішчальным».


Іранская агенцыя Nour News паведамляе, што Іран запусьціў дзясяткі балістычных ракет у бок Ізраілю, па амэрыканскіх базах на Блізкім Усходзе і па хаўрусьніках ЗША у рэгіёне.

CNN і агенцтва Reuters паведамляюць, што амэрыканская база ў Абу-Дабі стала цэльлю іранскага ракетнага ўдару. Бахрэйн пацьвердзіў ракетны ўдар па сэрвісным цэнтры 5-га флёту ЗША — у сеціве зьявілася відэа лучаньня па базе. Паводле СМІ, іранскія балістычныя ракеты таксама пацэлілі ў авіябазу Аль-Дафра ў ААЭ і авіябазу Алі Аль-Салем у Кувэйце. Паведамляюць аб атаках на амэрыканскія аб’екты ў Ярданіі і Саудаўскай Арабіі.

ААЭ, Кувэйт і Катар закрылі сваю паветраную прастору. Паведамляюць пра выбухі ў Дубаі.

Ізраільскі «9 канал» паведамляе пра атаку іранскімі ракетамі амэрыканскага авіяносца Abraham Lincoln у Арабійскім моры. У сацыяльных сетках публікуюцца зьвесткі пра масавы абстрэл усёй тэрыторыі Ізраілю. Армія абароны Ізраілю заявіла пра набор 70 тысяч рэзэрвістаў.


  • Ізраільскія вайскоўцы нанесьлі ўдар па тэрыторыі Ірану, у Тэгеране прагрымелі выбухі, паведаміла раніцай 28 лютага Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ).
  • Паводле ізраільскага міністра абароны Ізраіля Каца, краіна пачала «прэвэнтыўную ваенную апэрацыю» супраць Ірану, якая «мае на мэце нэўтралізаваць патэнцыйную пагрозу ад Тэгерану, а таксама перадухіліць магчымыя ўдары па тэрыторыі Ізраілю».
  • Адной з цэляў ранішніх удараў па Іране была рэзыдэнцыя аяталы Алі Хамэнэі, паведамляюць ізраільскія СМІ. Але яго цяпер няма ў Тэгеране — іранскага духоўнага лідэра загадзя перамясьцілі ў бясьпечнае месца.
  • 13 лютага прэзыдэнт ЗША заявіў, што зьмена рэжыму ў Іране будзе «найлепшым, што можа адбыцца». Ён таксама пацьвердзіў, што другі авіяносец, USS Gerald R. Ford, неўзабаве далучыцца да «масіўнай» армады ЗША ў Арабійскім моры.


Што папярэднічала ўдарам

У пятніцу Трамп сказаў, што яго не задавальняе пазыцыя Ірану на перамовах у Жэнэве паміж прадстаўнікамі гэтай дзяржавы і ЗША: Тэгеран ня згодны фармальна адмовіцца ад плянаў атрымаць ядзерную зброю і спыніць узбагачэньне ўрану.

Летась ЗША нанесьлі ўдары па ядзерных аб’ектах Ірану. У Вашынгтоне тады заявілі, што яны былі цалкам зьнішчаныя. Цяпер улады ЗША заяўляюць, што Іран спрабуе аднавіць сваю ядзерную праграму. У Тэгеране пры гэтым сьцьвярджаюць, што ня маюць на мэце валодаць ядзернай зброяй.

У выніку пратэстаў супраць рэжыму Хамэнэі ў студзені 2026 году загінулі, паводле розных ацэнак, некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Адзін зь лідэраў іранскай апазыцыі, які жыве ў ЗША, сын былога шаха Ірану Рэза Пэхлеві, заклікаў іранскіх сілавікоў «пераходзіць на бок народу» (сярод іранскіх пратэстоўцаў ёсьць як прыхільнікі, так і супернікі Пэхлеві і ідэі аднаўленьня манархіі ў краіне).

«Для зьмены балянсу сілаў неабходная міжнародная гуманітарная інтэрвэнцыя. Цяпер, калі імавернасьць такой інтэрвэнцыі вышэйшая, чым калі-небудзь, у вайсковых і паліцыйных камандзіраў, асабліва ў камандаваньня арміі, у іншых службовых асобаў, чые рукі не заплямленыя крывёй народу, застаецца абмежаваны час, каб аддзяліць сябе ад злачыннага рэжыму», — напісаў Пэхлеві ў сацыяльнай сетцы X.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG