Паведамляецца, што каля Тэхналягічнага ўнівэрсітэту імя Шарыфа ў Тэгеране адбыліся сутыкненьні студэнтаў з байцамі паўвайсковага апалчэньня «Басідж» у складзе элітнага іранскага Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КСІР). На відэа, апублікаваных у сацсетках, чуваць, як студэнты скандуюць «Ганьба, ганьба», некаторыя размахваюць іранскім нацыянальным сцягам.
Мітынг таксама прайшоў у Тэхналягічным універсітэце імя Аміра Кабіра. Расейская служба Радыё Свабода цытуе агенцтва Fars, блізкае да КСІР, якое паведамляе, што аналягічная акцыя таксама адбылася ў Тэгеранскім унівэрсытэце.
Дэманстрацыі супалі з сотнямі цырымоній, якія прайшлі па ўсёй краіне на гэтым тыдні ў памяць аб загінулых падчас буйных сутыкненьняў зь сіламі бясьпекі ў студзені.
Паводле праваабарончых арганізацый, падчас пратэстаў, якія ўспыхнулі ў Іране ў канцы сьнежня 2025 году, загінула сама меней сем тысяч чалавек. Праваабаронцы мяркуюць, што рэальная колькасьць ахвяр можа быць значна вышэйшай. Таксама былі арыштаваны больш за 53 тысячы чалавек.
Раней Amnesty International паведаміла, што сама меней 30 актывістам пагражае сьмяротнае пакараньне ў сувязі з масавымі пратэстамі ў краіне. Сьцьвярджаецца, што ў васьмі выпадках ужо былі вынесены сьмяротныя прысуды. Сярод абвінавачаных па 22 іншых справах, якія пакуль знаходзяцца на разглядзе, двое непаўналетніх. Іранскія судовыя ўлады афіцыйна не пацьвердзілі ніводны са сьмяротных прысудаў.
Пратэсты ў краіне пачаліся 28 сьнежня 2025 году і ахапілі ўсе правінцыі Ірану. Гэтыя масавыя дэманстрацыі сталі адным з самых сур’ёзных выклікаў клерыкальнаму кіраўніцтву краіны з часоў Ісламскай рэвалюцыі 1979 году. Першапачаткова ўдзельнікі пратэстаў выступалі з патрабаваньнямі, зьвязанымі з эканамічным крызісам, але пазьней пачалі гучаць лёзунгі супраць уладаў і заклікі да аднаўленьня манархіі.
У падтрымку ўдзельнікаў студзеньскіх масавых пратэстаў у Іране выступіла адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Трамп прыгразіў ударамі па Іране, калі ўлады гэтай краіны пачнуць караць сьмерцю затрыманых на пратэстах актывістаў.
Форум