Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заявілі, што ня будуць склаўшы рукі назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі, і згадалі ядзерную зброю

Марыя Захарава
Марыя Захарава

Праўдападобна, у Маскве лічаць, што Захад спрабуе адарваць Беларусь ад Расеі.

Пра гэта 12 лютага заявіла прэс-сакратарка расейскага Міністэрства замежных справаў Марыя Захарава, камэнтуючы зьвесткі расейскай Службы вонкавай выведкі (СВР). Раней там заявілі, што заходнія дзяржавы спрабуюць дамагчыся зьмены канстытуцыйнага ладу ў Беларусі і разарваць шчыльныя сувязі Менску з Масквою.

Паводле Захаравай, якую цытуе ТАСС, МЗС РФ падзяляе ацэнкі выведкі.

«Сумнявацца ў сур’ёзнасьці пагрозаў, вядома, проста не даводзіцца. Вы ж ведаеце, у 2020 годзе заходнія, так бы мовіць, рэжымы ўжо спрабавалі праз разгалінаваную сетку сваіх агентаў уплыву зарганізаваць у рэспубліцы чарговую „каляровую рэвалюцыю“. Але рашучасьць уладаў і мудрасьць народу Беларусі, якія зрабілі высновы з украінскага Майдану, перашкодзілі гэтаму.

Відавочна, што заходнікі не адмовіліся ад сваіх імкненьняў адарваць, у тым ліку зрабіць гэта любымі спосабамі, брацкую нам рэспубліку ад Расеі і рыхтуюцца да рэваншу, відаць, чакаючы зручнага моманту», — заявіла Захарава.

Прадстаўніца расейскага МЗС заявіла, што дзяржаўны пераварот у Беларусі прывёў бы да стварэньня асяродку нестабільнасьці за межамі Расеі. Сярод іншага, яна адзначыла, што «рэспубліканскія ўлады таксама прынялі шэраг рашучых захадаў у зачыстцы краіны ад празаходніх так званых „дэмакратызатарскіх“ структураў і ўзмацненьні жорсткасьці заканадаўства ў дачыненьні да няўрадавых арганізацыяў у мэтах недапушчэньня іх падрыўной працы знутры».

Захарава дадала, што ўлады ў Маскве і Менску ня будуць назіраць за становішчам «склаўшы рукі».

Захарава таксама згадала, што ў 2024 годзе бакі зацьвердзілі канцэпцыю бясьпекі і падпісалі міждзяржаўную дамову аб гарантыях бясьпекі ў рамках «саюзнай дзяржавы», якая ўступіла ў сілу ў сакавіку 2025 году.

«У ёй зафіксаваны шырокі пералік узаемных хаўрусьніцкіх абавязаньняў у забесьпячэньні абароны, абароне сувэрэнітэту, незалежнасьці і канстытуцыйнага ладу Расеі і Беларусі, цэласнасьці і недатыкальнасьці тэрыторыі і вонкавай мяжы Саюзнай дзяржавы, прычым з залучэньнем усіх наяўных сіл і сродкаў, уключаючы ядзерную зброю — у адпаведнасьці з зацьверджанымі 19 лістапада 2024 г. «Асновамі дзяржаўнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі ў галіне ядзернага стрымліваньня».

Захарава паведаміла, што ў сакавіку мае адбыцца сустрэча спэцыяльных прадстаўнікоў Беларусі і Расеі на тэму рэалізацыі падпісанай раней дзяржавамі дамовы аб гарантыях бясьпекі. Сустрэча плянуецца ў Менску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG