Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 9 лютага: дызайнэрку асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»

абноўлена
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Дызайнэрку асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»

Яню Сырэвіч судзілі ў Менскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Як піша «Наша ніва», ёй прысудзілі, імаверна, «хатнюю хімію».

Яні Сырэвіч 35 гадоў, яна ў 2014 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, з 2010 па 2012 гады стажавалася ў Кракаве ў Акадэміі мастацтваў імя Яна Матэйкі.

З 2017 году яна працавала ў кампаніі Verv, якая вырабляе праграмы для фітнэсу, а з 2019 года займае пасаду вядучага дызайнэра прадукту ў літоўскай кампаніі TapLab. На старонках дзяўчыны ў сацыяльных сетках напісана, што яна жыве ў Вільні. Падобна, яе затрымалі пасьля аднаго зь вяртаньняў у Беларусь, піша «Наша Ніва».

КДБ дадаў у «сьпіс тэрарыстаў» яшчэ 9 чалавек

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі абнавіў сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці» — там зьявіліся прозьвішчы дзевяці чалавек.

  1. Канстанцін Бойка
  2. Аляксандар Вайтко
  3. Дзьмітры Данільчык
  4. Яўген Дорахаў
  5. Вячаслаў Папшо
  6. Сяргей Пахомаў
  7. Уладзіслаў Сінкевіч
  8. Аляксандар Хазееў
  9. Тацьцяна Шчатко

Усяго ў «тэрарыстычным сьпісе» цяпер 1412 чалавек, зь іх 673 — беларусы, піша «Вясна».

Шматдзетнага бацьку Паўла Кунцэвічу ў калёніі асудзілі яшчэ на 8 месяцаў

У 2024 годзе Паўла пакаралі на 4 гадамі зьняволеньня за за «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361). Пакараньне ён адбываў у магілёўскай ПК-15. Летась суд дадаў Паўлу яшчэ 8 месяцаў зьняволеньня за «непадпарадкаваньне адміністрацыі» (арт. 411), пасьля чаго яго перавялі ў аршанскую ПК-8, паведаміў 9 лютага праваабарончы тэлеграм-канал DissidentBY.

Паўлу Кунцэвічу 39 гадоў. Ён мянчук, вучыўся на псыхоляга ў Менскім дзяржаўным інстытуце экалёгіі імя Сахарава. Меў гандлёвую кропку на Чэрвенскім рынку, рабіў цяпліцы. У Паўла жонка і чацьвёра дзяцей.

Праваабаронцам вядома пра больш як семдзесят палітвязьняў, якіх дадаткова пакаралі паводле 411-га артыкула.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

XS
SM
MD
LG