Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на мітынгі падтрымкі прэзыдэнта краіны ў ягоным канфлікце з кіраўніком ураду

Акцыя падтрымкі Пэтра Павэла
Акцыя падтрымкі Пэтра Павэла

Акцыі прайшлі ў Празе і іншых гарадах Чэхіі.

Да сходаў заклікала грамадзянская ініцыятыва «Мільён імгненьняў за дэмакратыю». У Празе ўдзельнікі сабраліся на Старамесцкім і Вацлаўскім пляцах у цэнтры гораду. Паводле ацэнак арганізатараў, на акцыі салідарнасьці выйшлі ад 80 да 90 тысяч чалавек — гэта адна з найбуйнейшых маніфэстацыяў за апошнія гады. Людзі скандавалі лёзунгі кшталту «Мы не адны!». Акрамя сьцягоў Чэхіі, прысутныя падымалі сьцягі ЭЗ і Ўкраіны.

Прычынай пратэстаў стаў канфлікт паміж прэзыдэнтам Пэтрам Павэлам і новым правапапулісцкім урадам на чале зь мільярдэрам Андрэем Бабішам.

Сутнасьць спрэчкі — адмова Павэла прызначыць ганаровага старшыню партыі «Аўтамабілісты за сябе» Філіпа Турэка міністрам навакольнага асяродзьдзя. Прэзыдэнт растлумачыў сваё рашэньне тым, што раней Турэк дазваляў сабе выказваньні, несумяшчальныя з пасадай міністра ў дэмакратычнай дзяржаве.

Павэл таксама публічна абвінаваціў міністра замежных справаў і аднапартыйца Турэка Пэтра Мацынку ў спробе ціснуць на яго і фактычна шантажаваць праз гэтае прызначэньне. У падтрымку прэзыдэнта выказаліся прадстаўнікі праэўрапейскіх партыящ, якія зараз у апазыцыі.

Генэрал арміі, былы старшыня Вайсковага камітэту NATO 64-гадовы Пэтр Павэл — прэзыдэнт Чэхіі з сакавіка 2023 году. На фоне скандалу апазыцыя мае намер у аўторак вынесьці на галасаваньне вотум недаверу ўраду, вінавацячы яго ў ціску на прэзыдэнта.

Аднак шанцы на посьпех гэтай ініцыятывы невялікія. Кіроўная кааліцыя — партыя ANO Андрэя Бабіша, «Аўтамабілісты» і ўльтраправая партыя «Свабода і простая дэмакратыя» — мае ўстойлівую большасьць: 108 з 200 месцаў у Палаце дэпутатаў. Бабіш, хоць наўпрост ня ўдзельнічае ў спрэчцы з прэзыдэнтам, даў зразумець, што не разглядае магчымасьці звальненьня Мацынкі, як гэтага патрабуюць прыхільнікі прэзыдэнта.

Турэк, ганаровы прэзыдэнт правапапулісцкай партыі «Аўтамабілісты за сябе», зь якой таксама паходзіць Мацынка, трапляў пад расьсьледаваньні за сэксуальныя гвалт, расісцкія, сэксісцкія і гамафобныя публікацыі ў Facebook, а таксама за выяву, дзе ён аддае нацысцкае вітаньне. За некаторыя свае выказваньні ў мінулым палітык папрасіў прабачэньня, а іншыя абвінавачаньні Турэк рашуча адмаўляе.

Андрэй Бабіш яшчэ ў пачатку студзеня меў гадзінную размову з Павэлам, каб пераканаць таго даць «пану Турэку шанец», аднак прэзыдэнт не пагадзіўся на гэтую кандыдатуру.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG