Як адзначаецца ў другой частцы адпаведнага расьсьледаваньня арганізацыі, пасьля пратэстаў 2020 году рэжым Лукашэнкі забясьпечыў «Альфу» цяжкім узбраеньнем і ўдарнымі БПЛА.
З адпаведных дакумэнтаў, якія атрымаў BelPol, вынікае, што спэцпадразьдзел мае мінамёты «Паднос» (савецкай распрацоўкі) і «Сані» (расейскай вытворчасьці), прызначаныя для баявых дзеяньняў ва ўмовах вайны, бо такое ўзбраеньне сярод іншага ня мае высокай дакладнасьці, піша выданьне «Позірк».
«„Альфу“ рыхтуюць да вядзеньня агульнавайсковага бою, гэта значыць да вайны», — гаворыцца ў расьсьледаваньні.
Апроч таго, паводле BelPol, падразьдзел таксама мае пераносны супрацьтанкавы ракетны комплекс «Карсар» украінскай вытворчасьці, які служыць для паражэньня лёгкабраняванай тэхнікі, стацыянарных будынкаў і збудаваньняў.
«У адкрытых крыніцах мы не знайшлі інфармацыі аб пастаўках СТРК „Карсар“ у Беларусь. Таму ўзьнікае слушнае пытаньне: а як жа гэты комплекс апынуўся ў „Альфе“? Цяпер BelPol супольна з адпаведнымі кампэтэнтнымі органамі шукае адказ на гэтае пытаньне», — адзначаецца ў расьсьледаваньні.
На ўзбраеньні «Альфы» таксама ёсьць гранатамёты: РПГ-7, «Полымя» (абодва савецкай вытворчасьці), ГМ-94 (РФ). Расейскі гранатамёт выкарыстоўваюць у гарадзкіх умовах і для «разгону вулічных беспарадкаў», ён забясьпечваецца гранатамі як сьмяротнага, так і несьмяротнага дзеяньня.
У BelPol сьцьвярджаюць, што сілавікі выкарыстоўвалі ГМ-94 для здушэньня мірных пратэстаў у 2020 годзе, нямала беларусаў тады атрымалі «калецтвы і пашкоджаньні».
Таксама на ўзбраеньні ў «Альфы» ёсьць пастаўленыя з Расеі кулямёты «Уцёс», «Печанег», кулямёт Калашнікава; снайпэрскія вінтоўкі як савецкай і расейскай вытворчасьці, так і заходняй — фінскія, брытанскія, нямецкія.
Што да аўтаматычнай асабістай зброі, то амаль за кожным вайскоўцам «Альфы» «замацаваны пэрсанальны аўтамат, у асноўным гэта аўтаматы Калашнікава», адзначылі ў BelPol.
Раней паведамлялася, што на момант стварэньня ў 1990 годзе ў падразьдзел «Альфа» ўваходзіла 45 байцоў. Паводле зьвестак BelPol, цяпер іх пабольшала да 220 чалавек, а з улікам дапаможных падразьдзелаў — да 270.
Аб’яднаньне таксама паведамляла, што менавіта байцы «Альфы» забілі ў 2021 годзе 31-гадовага ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцара пры штурме яго кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Менску падчас «адпрацоўкі адрасоў, на якіх маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасьці». У перастрэлцы тады загінуў афіцэр падразьдзелу Дзьмітры Федасюк.
Форум