Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна заснаваньня Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі

У залях Нацыянальнага мастацкага музэю, архіўнае фота
У залях Нацыянальнага мастацкага музэю, архіўнае фота

Падзеі 24 студзеня ў Беларусі, у сьвеце, у гісторыі.

Дата дня

24 студзеня 1939 году ў Менску была заснаваная Дзяржаўная карцінная галерэя БССР — цяперашні Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь на вуліцы Леніна, 20 у Менску (падчас заснаваньня музэй разьмяшчаўся ў 15 залях будынку Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы на вул. К. Маркса, 29).

Нацыянальны мастацкі музэй ёсьць найбуйнешым фондавым і экспазыцыйным сховішчам прадметаў мастацтва ў Беларусі: на сёньня колькасьць твораў ва ўсіх калекцыях і запасьніках складае больш за 37 тысяч адзінак з больш чым 132 краін сьвету і датычыцца 12 стагодзьдзяў гісторыі чалавецтва. Яны фармуюць амаль трыццаць разнастайных калекцыяў і складаюць два галоўныя музэйныя зборы: збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў сьвету.

Скульптура «Слава» на будынку Дзяржаўнага мастацкага музэю. Скульптар Андрэй Бембель. Фота Віктара Ведзеня
Скульптура «Слава» на будынку Дзяржаўнага мастацкага музэю. Скульптар Андрэй Бембель. Фота Віктара Ведзеня

Таксама ў гэты дзень

1978 — савецкі спадарожнік «Космас-954» зь ядзерным рэактарам на борце разбурыўся над Канадай, выклікаўшы радыяактыўнае забруджаньне велізарнай тэрыторыі.

У гэты дзень нарадзіліся

1776 — Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, нямецкі літаратар, кампазытар, мастак.

1827 — Аляксандар Далеўскі, адзін з арганізатараў таемнага Братняга саюзу моладзі, за што перажыў турму, катаргу і ссылку. Братні саюз вёў кансьпірацыйную працу ў Вільні, Менску, Горадні, Лідзе, Наваградку, Слоніме, а таксама спаміж салдатаў Бабруйскай крэпасьці. У 1849 годзе пачаліся арышты, пад сьледзтвам апынуліся 200 чалавек. Кіраўнікі — браты Далеўскія — былі асуджаныя на сьмерць, але пасьля сьмяротную кару ім замянілі катаргай на 15 гадоў.

1885 — Юры Тарыч, беларускі кінарэжысэр і сцэнарыст, які ў 1926 годзе зьняў першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль».

1904 — Янка Шутовіч, літаратуразнаўца, рэдактар часопісаў «Студэнцкая думка», «Калосьсе», «Шлях моладзі», захавальнік віленскага Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча, вязень ГУЛАГу.

1931 — Міхась Мушынскі, гісторык беларускай літаратуры.

Міхась Мушынскі
Міхась Мушынскі

У памяці

1897 — Альфрэд Ромэр, беларускі і польскі жывапісец, скульптар, мастацтвазнавец, этнограф; удзельнік паўстаньня 1863–1864 гг.

1911 — Аляксандар Аскерка, адзін зь лідэраў партыі «белых» у паўстаньні Каліноўскага, вязень сыбірскай катаргі.

1965 — Уінстан Чэрчыль, ангельскі палітык, прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.

Уінстан Чэрчыль
Уінстан Чэрчыль

1971 — Уладзімер Уладамірскі, беларускі актор тэатру і кіно, народны артыст Беларусі.

1996 — Сяргей Бульчык, актор, народны артыст БССР.

2018 — Валер Шыла, беларускі музыкант, саксафаніст, грамадзка-палітычны дзяяч.


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG