Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 35 гадоў штурму тэлецэнтру ў Вільні; дзень народзінаў Ірыны Быкавай

Людзі спрабуюць спыніць танк падчас штурму тэлецэнтру ў Вільні, 13 студзеня 1991
Людзі спрабуюць спыніць танк падчас штурму тэлецэнтру ў Вільні, 13 студзеня 1991

Падзеі 13 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Даты дня

13 студзеня 1927 году нарадзілася Ірына Быкава, жонка пісьменьніка Васіля Быкава, публікатар ягоных твораў.

1991 — савецкія войскі ўзялі штурмам будынак тэлецэнтру ў Вільні. У выніку дзеяньняў савецкіх вайскоўцаў каля Дому друку, тэлевізійнай вежы і будынку Літоўскага радыё і тэлевізіі было забіта 14 цывільных асобаў. Гэты дзень адзначаецца ў Літве як Дзень абаронцаў свабоды.

Людзі спрабуюць спыніць танк падчас штурму тэлецэнтру ў Вільні, 13 студзеня 1991
Людзі спрабуюць спыніць танк падчас штурму тэлецэнтру ў Вільні, 13 студзеня 1991

Таксама ў гэты дзень

1660 — маскоўскае войска князя Хаванскага захапіла Берасьце падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Горад цалкам спалілі, а жыхароў амаль пагалоўна забілі.

У гэты дзень нарадзіліся

1841 — Ігнат Здановіч, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў, найбліжэйшы паплечнік Кастуся Каліноўскага

1893 — Хаім Суцін, францускі мастак-экспрэсіяніст беларускага паходжаньня.

Хаім Суцін
Хаім Суцін

1911 — Леў Бараг, фальклярыст і этнограф.

1938 — Васіль Гроднікаў, беларускі журналіст. У 2005 годзе Гроднікаў быў знойдзены мёртвым у сваёй хаце. Незалежныя журналісты мяркуюць, што Гроднікава забілі і што гэта магло быць зьвязана зь ягонай працай над матэрыялам пра кватэрныя махінацыі ў Маладэчне, «Кідалы-3», дзе ўзгадваліся супрацоўнікі КДБ і МУС.

Васіль Гроднікаў
Васіль Гроднікаў

1940 — Міхаіл Марыніч, беларускі дзяржаўны і палітычны дзяяч.

Міхаіл Марыніч
Міхаіл Марыніч

У памяці

1593 — Сымон Будны, беларускі асьветнік і дзяяч Рэфармацыі. Заснаваў у Нясьвіжы друкарню, выдаў па-беларуску кнігу «Катэхізіс». Апошнія гады Будны жыў у Вішневе пад Валожынам, дзе і памёр.

Катэхізіс Сымона Буднага
Катэхізіс Сымона Буднага

1654 — Януш Кішка, вайсковы дзяяч ВКЛ, гетман вялікі Літоўскі.

1714 — Уладзіслаў Дзягілевіч, архітэктар барока.

1885 — Іван Хруцкі, беларускі мастак.

Іван Хруцкі. «Вікенцій Лісоўскі» — духоўнік Ёсіфа Сямашкі
Іван Хруцкі. «Вікенцій Лісоўскі» — духоўнік Ёсіфа Сямашкі

1935 — Мікола Блёдуха, навуковец-геоляг, складальнік першай геалягічнай мапы Беларусі.

1948 — у Менску савецкія спэцслужбы забілі Саламона Міхоэлса, тэатральнага актора, старшыню Габрэйскага антыфашыстоўскага камітэту.

Прэзыдыюм Габрэйскага антыфашыстоўскага камітэту. У цэнтры — Саламон Міхоэлс
Прэзыдыюм Габрэйскага антыфашыстоўскага камітэту. У цэнтры — Саламон Міхоэлс

1968 — Кірыла Арлоўскі, камандзір партызанскага атраду, савецкі дывэрсант, удзельнік замаху на князя Антонія Радзівіла.

1974 — Ёсіф Жыновіч, музыка-цымбаліст, дырыгент, кампазытар.

Помнік Ёсіфу Жыновічу ў Менску на Ўсходніх могілках
Помнік Ёсіфу Жыновічу ў Менску на Ўсходніх могілках

1996 — Яўгенія Пфляўмбаўм, паэтка й перакладчыца.

Яўгенія Пфляўмбаўм, Якуб Колас, 1948
Яўгенія Пфляўмбаўм, Якуб Колас, 1948


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG