Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: З пачатку года пры садзейнічаньні ЗША вызвалена 342 чалавекі, з ліпеня 2024-га — 569

Прэсавая канфэрэнцыя вызваленых палітвязьняў 22 сьнежня. Ілюстрацыйнае фота
Прэсавая канфэрэнцыя вызваленых палітвязьняў 22 сьнежня. Ілюстрацыйнае фота

З пачатку 2025 года пры садзейнічаньні ЗША зь беларускіх месцаў несвабоды вызвалена 342 чалавекі, з ліпеня 2024-га — калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў выпускаць палітвязьняў групамі — «памілавана» 569 асуджаных. Пра гэта паведамляецца ў справаздачы праваабарончага цэнтру «Вясна».

Адзначаецца, што 189 чалавек пасьля вызваленьня «прымусова вывезьлі з краіны, пазбавіўшы магчымасьці застацца дома і выбіраць уласную будучыню».

Такое «вызваленьне пад умовай выезду» праваабаронцы называюць «новым інструмэнтам палітычнага ціску — гэта супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным актам».

Сытуацыя з палітвязьнямі ў Беларусі «застаецца стабільна крытычнай: людзі паміраюць у зьняволеньні, утрымліваюцца ў ізаляцыі без сувязі са сьветам і належнай мэдыцынскай дапамогі», падкрэсьлівае «Вясна».

На 23 сьнежня 2025 года ў месцах зьняволеньня ўтрымлівалася 1.135 палітвязьняў. Сярод іх 28 прадстаўнікоў мэдыя, тры праваабаронцы, 21 мэдык, 16 юрыстаў і адвакатаў.

Праваабаронцам вядома ня менш чым пра 164 палітвязьняў, якія «знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы», мінімум 56 з іх маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, сем — інваліднасьць, 26 — старэйшыя за 60 гадоў, 10 — з мэнтальнымі расстройствамі.

Сярод палітвязьняў 34 чалавекі ў складаных сямейных абставінах. Гэта адзінокія ці шматдзетныя бацькі, а таксама семʼі (мінімум 20), дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі, гаворыцца ў справаздачы.

Усяго з 2020 года больш за 1.700 чалавек цалкам адбылі тэрміны і выйшлі з месцаў несвабоды, з іх мінімум 300 — у 2025 годзе.

Па дадзеных «Вясны», на 23 сьнежня за кратамі заставалася не менш за 20 замежных грамадзян.

У рэжыме «інкамунікада» (у поўнай інфармацыйнай ізаляцыі) утрымліваецца не менш за чатыры палітвязьні: Аляксандр Арановіч, Уладзімір Кніга, Мікалай Статкевіч, Аляксандр Францкевіч.

У 2025 годзе за кратамі памерлі два палітвязьні — Валянцін Штэрмер і грамадзянін РФ Андрэй Паднябённы.

Пашпарты палітвязьням, якіх вызваляюць і высылаюць з краіны, не аддаюць сьвядома, прызнаўся Лукашэнка, адказваючы на пытаньні ўдзельнікаў другой сэсіі VII Усебеларускага народнага сходу 18 сьнежня.

«Яны (асуджаныя па палітычных матывах — „Позірк“) нам не патрэбныя. Калі гэта вашыя людзі, забірайце, калі ласка, вывозіце іх там, што хочаце, то і рабіце. Выехаў — гвалтам крычаць: а пашпартоў няма! Дык а што мы вам, пашпарты павінны выпісваць, сваім ворагам?» — сказаў Лукашэнка, які ў верасьні 2023 года сваім указам забараніў афармляць пашпарты ў беларускіх замежных прадстаўніцтвах.

  • Лукашэнка паведаміў, што ў вывезеных з краіны не будзе магчымасьці вярнуцца, каб яны не стваралі праблем, у тым ліку яму: «Сюды яны не трапяць, няхай там ваююць». «2020 года больш не будзе», — сказаў ён. Па словах прамоўцы, ён не прыняў прапанову амэрыканцаў даць магчымасьць памілаваным у рамках дамоўленасьцяў з Вашынгтонам застацца ў краіне.
  • Акрамя таго, Лукашэнка прыгразіў закрыць уезд тым, хто эміграваў, але пэрыядычна прыяжджае на радзіму: «Мы ўсякія перамяшчэньні гэтых людзей сюды забаронім, і зубы будуць лячыць там — нават пры абмежаванай заработнай плаце, пасудамыйкі там і г. д. Усё там. Пайшлі [у эміграцыю] — паспрабуйце. [па вяртаньні]. Скажуць „так“ — значыць, так, „не“ — значыць, не».
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG