Пра гэта паведаміла аўганская служба Радыё Свабода са спасылкай на Міністэрства па прапагандзе дабрадзейнасьці і перадухіленьні заганы ўрада талібаў.
Мужчын, якія называлі сябе прыхільнікамі сэрыяла, затрымалі супрацоўнікі «паліцыі нораваў» у правінцыі Герат на захадзе краіны.
Першае відэа, паводле зьвестак выданьня, было апублікавана ў Інстаграме ў лістападзе 2025 года. На ім чацьвёра маладых людзей у чорных касьцюмах, паліто, кепках і пальчатках ходзяць па адной з вуліц. DailyMail піша, што фатаграфіі гурта шырока распаўсюдзіліся ў аўганскіх сацсетках.
За тыдзень да затрыманьня яны далі інтэрвію ютуб-каналу Herat-Miс, які называе іх «Групай Томаса Шэлбі» (Томас Шэлбі — галоўны герой сэрыяла). Асег Хасэйні, які назваўся іх лідэрам, заявіў, што яны «адчуваюць асаблівую цікавасьць да адзеньня і клясычнага стылю гэтага сэрыяла», а ў будучым маюць намер прадэманстраваць адзеньне розных этнічных груп Аўганістану.
Прадстаўнік Міністэрства па прапагандзе дабрадзейнасьці і перадухіленьні заганы Сайфул Іслам Хайбер заявіў, што паводзіны затрыманых несумяшчальныя з «ісламскімі каштоўнасьцямі і аўганскай культурай».
Талібы, якія прыйшлі да ўлады ў жніўні 2021 года, увялі жорсткія абмежаваньні для дзяўчат і жанчын, у тым ліку забаранілі ім размаўляць у грамадзкіх месцах і знаходзіцца з адкрытымі асобамі на публіцы. Цырульнікам, па дадзеных DailyMail, было забаронена стрыгчы мужчынам барады і ўкладваць ім валасы.
Былы гендырэктар кінакампаніі «Афганфільм» Сахра Карымі лічыць, што такія групы ў краіне ствараюцца ў якасьці пратэсту супраць жорсткіх абмежаваньняў у дачыненьні да дзяўчат, жанчын і маладых мужчын. «Яны хацелі паказаць, што на практыцы яны супраць гэтай сыстэмы прымусу і панаваньня, якая існуе ў Аўганістане», — сказала яна аўганскай службе Радыё Свабода.
Форум