Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неглюбскую тэкстыльную традыцыю ўключылі ў сьіпс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Расказваем, хто мае неглюбскія кашулі

абноўлена

Неглюбская кашуля з калекцыі Волі Дземкі
Неглюбская кашуля з калекцыі Волі Дземкі

Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна ўнесена ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА, паведаміла МЗС Беларусі.

Паводле МЗС Беларусі, гэта рашэньне прыняў Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЭСКА) у ходзе 20-й сэсіі ў Нью-Дэлі 9 сьнежня. Адзначаецца, што гэтая нематэрыяльная спадчына мае патрэбў у тэрміновай ахове.

Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласьці ўяўляе сабой унікальную зьяву беларускай народнай культуры, якая захавала архаічныя рысы і складаную сымболіку. Гэта традыцыя, якая сфармавалася ў XVII стагодзьдзі, ахоплівае стварэньне ручнікоў, прадметаў адзеньня і інтэр’ера з выкарыстаньнем самабытных тэхнік ткацтва і вышыўкі, піша МЗС Беларусі.

Паведамляецца, што адмысловую вядомасьць набылі неглюбскія ручнікі, якія адрозьніваюцца складанай паліхромнай гамай (да 25 адценьняў) і багатай арнамэнтальнай спадчынай, якая налічвае больш за 120 узораў, некаторыя з якіх узыходзяць да тысячагадовых традыцый. Геамэтрычныя і расьлінныя арнамэнты («крывулі», «павукі», «яблынька» і інш.) нясуць у сабе зашыфраваныя пажаданьні дабра, каханьня, дабрабыту і здароўі. Унікальнасьць тэхнікі, пры якой ткацтва вядзецца са сподняга боку, забясьпечвае непаўторнасьць кожнага выраба.

Неглюбская кашуля з калекцыі Волі Дземкі
Неглюбская кашуля з калекцыі Волі Дземкі

Амэрыканская беларуска Воля Дземка — складальніца вялікай калекцыі беларускіх нацыянальных строяў, якую зьбірала на працягу больш чым 10 гадоў, купляючы элемэнты адзеньня ў розных людзей. Калі Воля Дземка пачала шукаць у сеціве беларускія традыцыйныя строі, першы ж вынік яе агаломшыў. Вось што яна расказвала Свабодзе летась.

«Пабачыла неглюбскую кашулю, веткаўскую, якая прадавалася разам зь неглюбскім ручніком, як «русское платье» і «русское полотенце». Мяне крышачку перакасіла, я напісала прадаўцу, што бачу па рэчах, што гэта ніякая не расейская сукенка і не расейскі ручнік. А ён мне піша, што гэта рэчы ягонай бабулі, якая сама ўсё ткала, прала, і яна сама зь Веткі. Ён залупіў высокую цану, я крышачку яго ўламала, але нават гэта былі шалёныя грошы. І я кажу дзяўчатам з гурту, што калі мы ня выкупім, то так і пойдзе ў сьвет як «русское полотенце». Дзяўчаты выпілі валяр’янкі, мы ўсе скінуліся і выкупілі кашулю і два ручнікі. На трэці грошай не хапіла».

Неглюбская кашуля стала першай аўтэнтычнай беларускай кашуляй у калекцыі традыцыйных строяў Волі Дземкі. У яе калекцыі ёсьць яшчэ некалькі неглюбскіх кашуляў і ручнікоў

Неглюбскі тэксыль
Неглюбскі тэксыль
  • МЗС піша, што ўключэньне гэтага рамяства ў сьпіс ЮНЭСКА стала вынікам сумеснай работы супольнасьці неглюбскіх майстроў, экспэртаў і спэцыялістаў па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЭСКА, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА і Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў.
  • Цяпер сьпісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА налічваюць сем беларускіх элемэнтаў. Раней уключаны сьвяточны калядны абрад «Калядныя цары» у вёсцы Семежава (Капыльскі раён, Менская вобласьць), 2009 год; «Урачыстасьць у гонар шанаваньня Іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)» у вёсцы Будслаў (Мядзельскі раён, Менская вобласьць), 2018 год; «Юрʼеўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласьці, 2019 год; Культура бортніцтва, 2020 год; «Саломапляценьне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменьні», 2022 год; «Выцынанка — традыцыйнае мастацтва выразаньня з паперы ў Беларусі», 2024 год.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG