Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь трапіла на 4‑е месца ў сьвеце па колькасьці зьняволеных журналістаў


Зьняволеная беларуская журналістка Марына Золатава, архіўнае фота
Зьняволеная беларуская журналістка Марына Золатава, архіўнае фота

Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў» апублікавала агляд аб парушэньнях правоў журналістаў у 2025 годзе.

Па стане на 1 сьнежня ў розных краінах сьвету за кратамі знаходзіліся 503 журналісты. Беларусь апынулася на 4 месцы ў сьвеце паводле колькасьці зьняволеных супрацоўнікаў мэдыяў і блогераў.

Найбольш зьняволеных журналістаў у Кітаі — 121. За Кітаем ідзе Расея з 48 зьняволеных журналістамі, зь якіх 26 — украінцы, піша арганізацыя «Рэпарцёры бяз межаў». Наступныя ў яе антырэйтынгу М’янма з 47 журналістамі за кратамі і Беларусь, дзе ў вязьніцах трымаюць 33 дзейных і былых супрацоўнікаў СМІ.

У аглядзе адзначаецца, што 11 верасьня 2025 году дзевяць беларускіх журналістаў і блогераў, у тым ліку Ігар Лосік з Беларускай службы Радыё Свабода, былі вызваленыя пасьля таго, як правялі гады за кратамі за выкананьне сваёй працы.

«Гэтыя журналісты былі вызвалены, а затым дэпартаваныя ў рамках перамоваў з урадам ЗША, што прывяло да вызваленьня 52 палітычных зьняволеных. (Насамрэч 51, бо палітвязень Мікалай Статкевіч адмовіўся пакідаць Беларусь, яго вярнулі за краты — Свабода) Аднак 33 журналісты ўсё яшчэ знаходзяцца пад вартай у гэтай краіне, дзе пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года і наступнага разгону мірных пратэстаў амаль усе незалежныя мэдыя былі прымушаныя маўчаць, а іх журналісты былі затрыманыя або вымушаныя пакінуць краіну», — адзначаецца ў аглядзе «Рэпарцёраў бяз межаў».

Паводле агляду міжнароднай арганізацыі сёлета было зафіксавана 67 фактаў забойстваў журналістаў, 53 зь іх сталі ахвярамі войнаў альбо крымінальных сетак. 29 журналістаў загінула ў сэктары Газа, 9 — у Мэксыцы, 4 — у Судане, 3 — ва Ўкраіне.

135 журналістаў лічацца зьніклымі ў 37 краінах.

20 журналістаў утрымліваюць у закладніках па ўсім сьвеце. У Емэне ў 2025 годзе хусіты выкралі сем журналістаў, што зрабіла краіну эпіцэнтрам выкраданьняў, адзначаецца ў аглядзе «Рэпарцёраў бяз межаў».

Па стане на 9 сьнежня 2025 году ў вязьніцах Беларусі знаходзіцца 28 журналістаў, паведамляе БАЖ.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG