Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве абвясьцілі экстрэмальную сытуацыю на ўсёй тэрыторыі краіны праз паветраную небясьпеку зь Беларусі


Прэм’ерка Літвы Інга Ругінене. Архіўнае фота
Прэм’ерка Літвы Інга Ругінене. Архіўнае фота

Урад Літвы абвясьціў на ўсёй тэрыторыі краіны экстрэмальную сытуацыю праз крызіс, зьвязаны з паветранымі балёнамі зь Беларусі і пагрозамі для нацыянальнай бясьпекі.

Як паведаміла агенцтва BNS, кіраваць дзяржаўнымі апэрацыямі ва ўмовах экстрэмальнай сытуацыі будзе міністар унутраных справаў Уладзіслаў Кандратовіч.

У Міністэрстве ўнутраных справаў Літвы падкрэсьлілі, што ўвядзеньне экстрэмальнай сытуацыі ня створыць нязручнасьцяў для грамадзтва, бо меры будуць мэтавымі, прапарцыйнымі і накіраванымі выключна на арганізатараў і выканаўцаў незаконнай дзейнасьці.

Паводле закону, абвешчаньне экстрэмальнай сытуацыі можа служыць падставай для ўвядзеньня надзвычайнага становішча з больш суровымі захадамі.

Запуск паветраных балёнаў з тэрыторыі Беларусі Літва кваліфікуе як гібрыдную атаку. Яны ствараюць пагрозу для цывільнай авіяцыі і парушаюць дзейнасьць Віленскага аэрапорту.

У Віленскім аэрапорце паведамілі, што толькі за першы тыдзень сьнежня ў выніку абмежаваньня паветранай прасторы праз балёны пацярпелі 4 тысячы пасажыраў. Большасьць самалётаў, якія не змаглі прызямліцца ў Вільні, перанакіравалі ў Коўна. Усяго з пачатку крызісу гэтыя атакі паўплывалі на 320 авіярэйсаў, закранулі 47 тысяч пасажыраў і прывялі да амаль 60-гадзіннага закрыцьця аэрапортаў.

Прэм’ерка Літвы Інга Ругінене раней заявіла, што экстрэмальную сытуацыю праз балёны з кантрабандай абвесьцяць на гэтым тыдні, у аўторак 9 сьнежня.

Згодна зь літоўскім Законам аб кіраваньні крызісамі і цывільнай абароне, экстрэмальная сытуацыя дзяржаўнага ўзроўню абвяшчаецца, калі наступствы экстрэмальнага інцыдэнту адпавядаюць вызначаным урадам крытэрам на тэрыторыі двух ці больш самакіраваньняў.

Акрамя таго, калі абвешчаная экстрэмальная сытуацыя на ўзроўні самакіраваньня доўжыцца больш за год або калі для ліквідацыі яе наступстваў неабходныя матэрыяльныя рэсурсы, залучаюцца сілы цывільнай абароны зь іншых самакіраваньняў.

Урад абвяшчае экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага ўзроўню на тэрыторыі ўсёй краіны або яе часткі.

Прадстаўнік уладнай кааліцыі Аўрэліюс Вярыга адзначаў, што статус экстрэмальнай сытуацыі «дапамог бы актывізаваць больш інтэнсіўныя мэханізмы і разьвязаць рукі некаторым інстытуцыям».

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Літвы, сёлета ў паветраную прастору Літвы трапілі 599 паветраных балёнаў і 197 бесьпілётнікаў.

Трэцяга сьнежня ў МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі і ўручылі яму ноту пратэсту.

Прычынай сталі няспынныя гібрыдныя атакі з тэрыторыі Беларусі кантрабандысцкімі балёнамі, якія парушаюць працу Віленскага аэрапорту і пагражаюць бясьпецы цывільнай авіяцыі, а таксама блякаваньне літоўскіх грузавікоў з прычэпамі, якім улады Беларусі не дазваляюць вярнуцца назад у Літву.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG