Касманаўт Андрэй Фядзяеў замяніў Алега Арцемʼева ў асноўным экіпажы місіі Crew 12, паведаміў «Роскосмос».
«Рашэньне прынятае ў сувязі з пераводам Алега Арцемʼева на іншую пасаду. Місія Crew 12 заплянаваная на першую палову 2026 года», — гаворыцца ў паведамленьні, якое цытуе Інтэрфакс.
У ліпені 2022 года «Роскосмос» і NASA падпісалі пагадненьне аб палётах расейскіх касманаўтаў на амэрыканскіх касьмічных караблях Crew Dragon і амэрыканскіх астранаўтаў на расейскіх касьмічных караблях «Союз МС» у рамках праграмы Міжнароднай касьмічнай станцыі.
Як паведаміў у сваім Telegram-канале аналітык ракетных пускаў Георгій Трышкін, Арцемʼева выключылі за парушэньне экспартных абмежаваньняў: касманаўт нібыта фатаграфаваў дакумэнтацыю SpaceX, а потым «вынес у тэлефоне» сакрэтную інфармацыю. У гутарцы з The Insider экспэрт расказаў, што запушчана міжведамаснае расьсьледаваньне:
«Мае кантакты пацьвярджаюць, што факт парушэньня быў і запушчана міжведамасная праверка. Зьняцьце з палёту за два з паловай месяцы да місіі без выразнага тлумачэньня прычын — гэта хутчэй ускосная прыкмета, але паказальная. Уявіць сабе сытуацыю, у якой дасьведчаны касманаўт можа ненаўмысна дапусьціць такое грубае парушэньне, вельмі цяжка», — распавёў Трышкін.
Неафіцыйны Telegram-канал аб касманаўтыцы піша, што Арцемʼеў, які праходзіў падрыхтоўку на базе SpaceX у Каліфорніі (ЗША), адхілены за тое, што нібыта фатаграфаваў на тэлефон рухавікі SpaceX і іншыя ўнутраныя матэрыялы SpaceX, пасьля чаго вынес матэрыялы з тэрыторыі базы.
54-гадовы Алег Арцемʼеў, паводле зьвестак з сайту Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына, зьдзейсьніў тры палёты ў космас і правёў там у агульнай складанасьці 560 дзён. З 2019 года — дэпутат Маскоўскай гарадзкой Думы, сябра прапуцінскай партыі «Адзіная Расея».
Форум