Генэральны пракурор Беларусі накіраваў у Вярхоўны Суд крымінальную справу па абвінавачаньні ў генацыдзе беларускага народу Ганса Зыглінга, які ўваходзіў у склад СС і ахоўнай паліцыі.
Паводле матэрыялаў справы, Зыглінг арганізаваў карныя апэрацыі і акцыі, падчас якіх учыніў забойствы, уключаючы масавыя, зьнішчэньне поўнасьцю або часткова 11 сельскіх населеных пунктаў. Яго абвінавачваюць у арганізацыі расстрэлаў і павешаньня ня менш як 1706 чалавек.
У гісторыі Беларусі гэта шостая накіраваная ў суд крымінальная справа ў адносінах да нацыста, піша пракуратура.
Ганс Зыглінг (ням.: Hans Siegling; нарадзіўся ў 1912-м, памёр у 1997 годзе) — нямецкі афіцэр, удзельнік СС у часе Другой усясьветнай вайне. Змагаўся з партызанамі ў Беларусі, узначальваў розныя баявыя адзінкі, у тым ліку складзеныя зь беларусаў.
Пасьля вайны Ганс Зыглінг жыў у Баварыі, стаў прадпрымальнікам.
Да тэмы генацыду ўлады вярнуліся праз «падзеі жніўня 2020 году і наступнага постэлектаральнага пэрыяду, якія адбыліся ў Рэспубліцы Беларусь», вынікае з афіцыйнага сайту Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
Паводле ведамства, у апошнія некалькі гадоў пачалі актыўна распаўсюджвацца «фэйкі» аб Вялікай Айчыннай вайне. Таму ў красавіку 2021 году генэральны пракурор Андрэй Швед завёў крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народу.
5 студзеня 2022 году Лукашэнка падпісаў закон «Аб генацыдзе беларускага народу». Пад беларускім народам у дакумэнце маюцца на ўвазе ўсе савецкія грамадзяне, якія жылі на тэрыторыі БССР.
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta падрыхтавала праўны агляд закону «Аб генацыдзе беларускага народу». У ім падкрэсьліваецца, што «Закон „Аб генацыдзе беларускага народу“ фактычна замацоўвае манаполію аўтарытарных уладаў Беларусі на тлумачэньне гісторыі і дае дзяржаве дадатковы карны інструмэнт у выглядзе крымінальнага пакараньня за выказваньне думак, адрозных ад „адзіна слушных“ дзяржаўных трактовак гісторыі».
У ліпені 2023 году былі прынятыя папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, згодна зь якімі не дапускаецца адмаўляць у завядзеньні крымінальнай справы і спыняць вядзеньне справаў, якія тычацца памерлых асобаў, што ўчынілі злачынствы супраць міру і бясьпекі чалавецтва бяз тэрміну даўнасьці.
Цяпер у Беларусі дазволена заводзіць крымінальныя справы супраць мёртвых паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключаючы артыкул аб генацыдзе. Пры доказах віны памерлага ў такіх справах выносіцца абвінаваўчы прысуд без прызначэньня пакараньня.