Украінскія выведнікі высьветлілі, што адзін з абвінавачаных у арганізацыі дывэрсіяў на польскай чыгунцы Яўген Іваноў дзейнічаў на загад афіцэра расейскага ГРУ Юрыя Сізова з элітнай часткі № 92154 «Сенеж». Мяркуецца, што якраз Сізоў далучыў яго да іншай апэрацыі — тэрарыстычных актаў у гандлёвых цэнтрах Leroy Merlin у Кіеве, піша Польскае радыё.
У размове з выданьнем Gazetа Wyborczа дырэктар Дэпартамэнту бясьпекі польскага Інстытуту бясьпекі міжнароднага разьвіцьця падпалкоўнік Мацей Каровай частку «Сенеж» назваў «кінжалам Пуціна» і падкрэсьліў: калі дывэрсіі ў Польшчы былі іхнай апэрацыяй, то загад аддаў асабіста Ўладзімір Пуцін, асабліва калі апэрацыя стварала рызыку гібелі грамадзян краіны — сябра NATO.
Спэцслужбы прыйшлі да высновы, што Іваноў і Конанаў плянавалі зьняць на відэа, а магчыма, нават трансьляваць у жывым этэры тое, як цягнік ідзе пад адхон, што павінна было стаць «справаздачай аб выкананай працы».
Абодва падазраваныя пасьля інцыдэнтаў уцяклі ў Беларусь.
Чым вядомыя падазраваныя ў падрывах на польскай чыгунцы?
Паліцыя апублікавала інфармацыю пра пошук 39-гадовага Аляксандра Конанава і 41-гадовага Яўгена Іванова. Мужчын падазраюць у пашкоджаньні чыгункі ў двух месцах: каля паселішча Міка ў Мазавецкім ваяводзтве і на лініі Варшава – Дарогуск у раёне Пулаваў. У адным выпадку зламысьнікі скарысталі выбуховую прыладу, у другім — мэталічныя элемэнты, якія маглі выклікаць сыход цягніка з рэек. Пашкоджана была таксама кантактная сетка. Паводле паліцыі, гэта стварыла простую пагрозу катастрофы зь вялікай колькасьцю ахвяраў.
Спэцслужбы вызначылі, што Конанаў раней працаваў ва ўкраінскай пракуратуры, піша Gazeta Wyborcza. Паводле выцекаў, вывучаных «Важнымі гісторыямі», ён нарадзіўся ў Данецку, жыў там да 2024 году і аформіў на сябе дзясяткі sim-картак.
У 2015 годзе ягоная маці падала заяву ў паліцыю самаабвешчанай «ДНР» з заявай аб тым, што яе разам з сынам затрымалі ўзброеныя людзі ў камуфляжы і два тыдні незаконна трымалі ў невядомым месцы, пасьля чаго завалодалі машынай і дакумэнтамі на іншую маёмасьць жанчыны, а менавіта на дом і кватэру.
Іваноў, паводле здабытай расьсьледнікамі інфармацыі, нарадзіўся ў Эстоніі, затым жыў у Харкаўскай вобласьці Ўкраіны, а ў 2015 годзе пераехаў у расейскі Белгарад.
У 2024 годзе яму завочна прысудзілі 15 гадоў пазбаўленьня волі ва Ўкраіне за падрыхтоўку тэрарыстычнага акту на львоўскім заводзе бесьпілётнікаў. Тэракт праваліўся, бо ўкраінская контравыведка завэрбавала дывэрсанта, нанятага Івановым. Спэцслужбы ўчынілі фальшывы пажар пры дапамозе кучы шынаў, запісалі гэта на відэа і атрымалі ад Іванова 40 тысяч даляраў.
Выбухі на польскай чыгунцы
15 і 17 лістапада ў Польшчы адбыліся два здарэньні на чыгунцы. Спачатку стала вядома пра няспраўнасьці ў чыгуначнай інфраструктуры ў раёне паселішча Жычын у Мазавецкім ваяводзтве, у люблінскім кірунку. Каляіны пашкодзіў выбух, непадалёк выявілі яшчэ адну выбуховую прыладу, якая не здэтанавала, паведамлялі польскія мэдыя.
Другі падрыў адбыўся пад Пулавамі ў Люблінскім ваяводзтве, пашкоджаная чыгуначная кантактная сетка.
22 лістапада Цэнтральнае бюро расьсьледаваньняў выставіла абвінавачаньне грамадзяніну Ўкраіны Ўладзіміру Б., затрыманаму паводле падазрэньня ў дапамозе дывэрсантам.
Паводле сьледчых, ён працаваў на расейскую выведку. І ў верасьні падвёз аднаго з падазраваных у дывэрсіі — Яўгена І., на месца, дзе пазьней учынілі злачынства.
Форум