Урзуля Фон дэр Ляен напісала ў сацыяльнай сетцы Х:
«Сытуацыя на мяжы з Беларусьсю пагаршаецца, з ростам колькасьці выпадкаў кантрабанднага ўварваньня паветраных балёнаў у паветраную прастору Літвы. Такая гібрыдная атака рэжыму Лукашэнкі абсалютна непрымальная. Літва па-ранейшаму мае нашу поўную салідарнасьць. Мы рыхтуем далейшыя меры ў рамках нашага рэжыму санкцый».
Гітанас Наўседа, у сваю чаргу, напісаў, што «падзякаваў Камісіі за падтрымку і падкрэсьліў неабходнасьць больш моцнага і скаардынаванага адказу ЭЗ на бягучыя правакацыі Расеі/Беларусі».
Улады Літвы абвінавачваюць Беларусь у патураньні запускам паветраных балёнаў, якія перашкаджаюць працы Віленскага аэрапорту, і ў незаконным блякаваньні грузавікоў.
30 лістапада Віленскі аэрапорт быў ізноў закрыты праз пагрозу ад кантрабандысцкіх паветраных балёнаў, што закранула больш за 7,4 тысячы пасажыраў і 50 рэйсаў.
У канцы кастрычніка Літва падала ў Эўракамісію прапановы аб уключэньні дадатковага крытэру — гібрыдная атака — у рэжым санкцыяў ЭЗ супраць Беларусі. Літва таксама прапануе ЭЗ увесьці дадатковыя сэктаральныя санкцыі супраць Беларусі.
Раней кіраўнікі двух літоўскіх ведамстваў — міністар замежных справаў Кястуціс Будрыс і міністар транспарту і сувязі Юрас Тамінскас — зьвярнуліся ў Эўрапейскую камісію з просьбай дапамагчы вярнуць грузавікі, якія захрасьлі ў Беларусі.
Днямі Свабода даведалася ад інфармаваных крыніц у Брусэлі, што Эўрапейскі Зьвяз падрыхтаваў шэраг новых санкцыяў супраць Беларусі, каб закрыць шчыліны ў санкцыях, празь якія Менск дапамагае Расеі ў вайне супраць Украіны.
1 сьнежня Міністэрства замежных спраў Беларусі заявіла пра парушэньне беларускай дзяржаўнай мяжы «бесьпілётным лятальным апаратам самалётнага тыпу, зьдзейсьненым з тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі 30 лістапада 2025 году».
«Указаны БПЛА незаконна ўварваўся ў паветраную прастору Рэспублікі Беларусь з Лазьдзейскага раёну Літвы і ўпаў у межах гораду Горадні, — гаворылася ў заяве МЗС. — Праведзены аналіз абломкаў, уключаючы відэазапіс і навігацыйныя дадзеныя, што зьмяшчаюцца на флэш-назапашвальніках, сьведчыць, што маршрут БПЛА заходнеэўрапейскай вытворчасьці прадугледжваў пералёт у Польшчу і вяртаньне па тым жа маршруце ў пункт узьлёту на тэрыторыі Літвы».
Тым часам у паведамленьні Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі гаворыцца, што ў знойдзеным у Горадні дроне была фота-відэакамэра «з магчымасьцю збору разьведвальных зьвестак. Акрамя гэтага, з бесьпілётніка быў зьдзейсьнены скід друкаванай прадукцыі экстрэмісцкай накіраванасьці».
Прадстаўнік літоўскага Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі Дарыюс Бута адмовіўся камэнтаваць інфармацыйнаму агенцтву BNS, ці сапраўды адбылося парушэньне паветранай прасторы Беларусі, зазначыўшы толькі, што «гэта ня першы раз, калі беларускі рэжым стварае розныя гісторыі і вылучае абвінавачваньні на адрас заходніх краін і Літвы», перадае LRT.