У Міністэрства замежных спраў Беларусі 1 сьнежня быў выкліканы часовы павераны ў справах Літвы Эрыкас Вілканецас, паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу МЗС.
Яму быў заяўлены пратэст «у сувязі з парушэньнем дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь бесьпілётным лятальным апаратам самалётнага тыпу, зьдзейсьненым з тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі 30 лістапада 2025 году».
«Указаны БПЛА незаконна ўварваўся ў паветраную прастору Рэспублікі Беларусь з Лазьдзейскага раёну Літвы і ўпаў у межах гораду Горадні, — гаворыцца ў заяве МЗС. — Праведзены аналіз абломкаў, уключаючы відэазапіс і навігацыйныя дадзеныя, што зьмяшчаюцца на флэш-назапашвальніках, сьведчыць, што маршрут БПЛА заходнеэўрапейскай вытворчасьці прадугледжваў пералёт у Польшчу і вяртаньне па тым жа маршруце ў пункт узьлёту на тэрыторыі Літвы».
У міністэрстве заявілі, што расцэньваюць гэта як «наўмысную правакацыю ня толькі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь, але і Рэспублікі Польшча».
Беларускі бок запатрабаваў ад літоўскага боку «неадкладна даць дэталёвую і вычарпальную інфармацыю аб абставінах гэтага інцыдэнту, уключаючы мэты запуску і апэратара паветранага судна. Правесьці стараннае расьсьледаваньне і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у арганізацыі гэтага правакацыйнага акту. Прыняць неадкладныя і вычарпальныя меры для недапушчэньня падобных інцыдэнтаў у будучыні».
Тым часам у паведамленьні Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі гаворыцца, што ў знойдзеным у Горадні дроне была фота-відэакамэра «з магчымасьцю збору разьведвальных зьвестак. Акрамя гэтага, з бесьпілётніка быў зьдзейсьнены скід друкаванай прадукцыі экстрэмісцкай накіраванасьці».
Рэакцыя Літвы: няўдалая спроба Менску прыкрыць уласную зламысную дзейнасьць
Прадстаўнік літоўскага Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі Дарыюс Бута адмовіўся камэнтаваць інфармацыйнаму агенцтву BNS, ці сапраўды адбылося парушэньне паветранай прасторы Беларусі, зазначыўшы толькі, што «гэта ня першы раз, калі беларускі рэжым стварае розныя гісторыі і вылучае абвінавачваньні на адрас заходніх краін і Літвы», перадае LRT.
У той час прэс-сакратарка міністра замежных спраў Літвы Крысьціна Белікава заявіла, што міністэрства даведалася пра выкліканага літоўскага дыплямата толькі з паведамленьняў, якія зьявіліся ў адкрытым доступе.
«Пра літоўскага дыплямата, якога нібыта выклікалі ў МЗС Беларусі, мы даведаліся з паведамленьняў у сацыяльных сетках. Пасьля праверкі высьветлілася, што часовы павераны ў справах Літвы на той момант ніякага запрашэньня не атрымліваў. Запрашэньне прыехаць у МЗС Беларусі ён атрымаў толькі праз добрую гадзіну», — паведаміла Белікава ў заяве, распаўсюджанай для СМІ.
«Мы разглядаем гэтыя адчайныя дзеяньні беларускага рэжыму як чарговую няўдалую спробу прыкрыць уласную зламысную дзейнасьць і заклікаем як мага хутчэй прыняць усе ўжо згаданыя меры для вырашэньня сытуацыі», — цытуе яе LRT.
Улады Літвы абвінавачваюць Беларусь у патураньні запускам паветраных балёнаў, якія перашкаджаюць працы Віленскага аэрапорту, і ў незаконным блякаваньні грузавікоў.
У тэлефоннай размове з кіраўніцай дыпляматычнага ведамства Эўрапейскага Зьвязу Каяй Калас 1 сьнежня міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс заклікаў не дазволіць Беларусі пазбавіцца санкцыяў, піша BNS.
«Гэта ня першы выпадак, калі рэжым Беларусі ўжывае гібрыдныя захады супраць дзяржаваў ЭЗ. Некалькі гадоў таму гэта была інструмэнталізаваная міграцыя, зараз — кантрабандысцкія паветраныя балёны. Шантажуючы Літву і патрабуючы палітычнага дыялёгу, рэжым Лукашэнкі імкнецца зламаць цьвёрдую пазыцыю ЭЗ — выйсьці зь міжнароднай ізаляцыі і пазбавіцца санкцыяў. Мы ня можам гэтага дапусьціць», — цытуе Будрыса МЗС Літвы ў сваім паведамленьні.
Будрыс падкрэсьліў, што ЭЗ павінен пачаць захады дзеля абароны сваіх грамадзян, прадэманстраваць рашучасьць і адзінства ня толькі заявамі аб салідарнасьці, але і канкрэтнымі дзеяньнямі.
Будрыс спадзяецца на прагрэс у найбліжэйшым часе ў пытаньні дадатковых санкцыяў супраць Беларусі, прапанаваных Літвой Эўрапейскай камісіі ў канцы кастрычніка.
«Узмацненьне жорсткасьці санкцый супраць рэжыму Беларусі — абавязковы адказ на ягоныя дзеяньні. ЭЗ ня можа моўчкі назіраць і мірыцца з тым, як рэжым Лукашэнкі безразважна тэрарызуе дзяржаву ЭЗ, рабуе маёмасьць і мэтанакіравана ставіць пад пагрозу бясьпеку грамадзян. Гэта атака ня толькі на Літву, але і на ўвесь ЭЗ. Эўразьвяз павінен прадэманстраваць цьвёрдасьць хрыбта», — заявіў міністар Будрыс.
Заявы прагучалі пасьля таго, як учора ўвечары Віленскі аэрапорт быў ізноў закрыты праз пагрозу ад кантрабандысцкіх паветраных балёнаў, што закранула больш за 7,4 тысячы пасажыраў і 50 рэйсаў.
У канцы кастрычніка Літва падала ў Эўракамісію прапановы аб уключэньні дадатковага крытэру — гібрыдная атака — у рэжым санкцыяў ЭЗ супраць Беларусі. Літва таксама прапануе ЭЗ увесьці дадатковыя сэктаральныя санкцыі супраць Беларусі.
Раней кіраўнікі двух літоўскіх ведамстваў — міністар замежных справаў Кястуціс Будрыс і міністар транспарту і сувязі Юрас Тамінскас — зьвярнуліся ў Эўрапейскую камісію з просьбай дапамагчы вярнуць грузавікі, якія захрасьлі ў Беларусі.
Пасьля аднаўленьня працы памежных пераходаў Літва ўжо пяць разоў прыпыняла працу аэрапорту ў Вільні праз новыя мэтэазонды, што ўрываліся ў паветраную прастору краіны з тэрыторыі Беларусі.