Узброеныя сілы Літвы паведамілі пра сьмерць бэльгійскага вайскоўца, які атрымаў цяжкія раненьні ў часе вучэньняў на палігоне Падбродзьдзе ў Сьвянцянскім раёне. Паводле паведамленьня, вайсковец памёр ад траўмаў, атрыманых пры стрэльбах.
Пасьля аказаньня першай дапамогі на месцы здарэньня пацярпелага 28 лістапада тэрмінова даставілі ў клініку «Сантарас» у Вільні, дзе мэдыкі содні змагаліся за яго жыцьцё. Аднак вайсковец ня выжыў праз шматлікія цяжкія раненьні, гаворыцца ў інфармацыі Ўзброеных сілаў, на якую спасылаецца агенцтва BNS.
«Мы выказваем шчырыя спачуваньні сям’і загінулага вайскоўца, ягоным калегам і нашаму блізкаму хаўрусьніку Бэльгіі. Літва цьвёрда падтрымлівае Бэльгію ў час надзвычай цяжкога няшчасьця», — заявіў міністар абароны Літвы Робертас Каўнас.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа таксама выказаў спачуваньні ў сувязі зь сьмерцю вайскоўца. Ён адзначыў важнасьць вайсковай місіі.
«Прысутнасьць вайскоўцаў Бэльгіі ў нашым рэгіёне — гарантыя бясьпекі ня толькі Літвы, але і ўсёй трансатлянтычнай супольнасьці», — сказаў Наўседа.
Бэльгійскія вайскоўцы рэгулярна дысьлякуюцца ў Літве з 2017 году ў складзе міжнароднага батальёну хаўрусьнікаў пад камандаваньнем Нямеччыны.
У сакавіку каля палігону ў Падбродзьдзі ў час манэўраў загінулі чацьвёра амэрыканскіх жаўнераў. Яны ўваходзілі ў экіпаж панцырнай машыны М88 Hercules, якая патанула ў балоце каля палігону. Пра іх зьнікненьне стала вядома раніцай 25 сакавіка. Пошукавая апэрацыя працягвалася некалькі дзён. Машыну знайшлі 26 сакавіка, але здолелі выцягнуць на паверхню толькі пад раніцу 31 сакавіка. У той жа дзень знайшлі целы трох амэрыканскіх вайскоўцаў, а 1 красавіка — цела чацьвёртага вайскоўца, які таксама загінуў.
Літоўскі ўрад разьвітаўся зь целамі амэрыканскіх вайскоўцаў з пашанай, з афіцыйным картэжам у цэнтры Вільні.
Форум