Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы прайшлі арышты за вэрбаваньне ў расейскае войска


Скрыня для ахвяраваньняў расейскаму войску, якое ваюе супраць Украіны, архіўны здымак
Скрыня для ахвяраваньняў расейскаму войску, якое ваюе супраць Украіны, архіўны здымак

Улады арыштавалі пецярых чалавек у справе аб вэрбаваньні людзей на вайну. Суд прызначылі на 1 сьнежня.

У Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы арыштавалі пяць чалавек, якіх падазраюць у датычнасьці да вэрбаваньня грамадзян краіны ў расейскае войска, паведамляе старонка спэцыяльнага падразьдзелу паліцыі ў X.

Арышты зрабіла Ўправа ў расьсьледаваньні асабліва важных злачынстваў пасьля атрыманьня інфармацыі ад паліцыі міжнароднага аэрапорта ў Ёханэсбургу. 29 лістапада ў аэрапорце каля выхаду на пасадку затрымалі чацьвярых падазраваных, якія накіроўваліся ў Расею праз ААЭ.

Папярэдняе расьсьледаваньне паказала, што іх паездцы ў Расею, як мяркуецца, спрыяла грамадзянка ПАР. Але ейнае імя не называецца.

Пазьней затрымалі яшчэ аднаго чалавека, зьвязанага з чатырма затрыманымі і з іншым фігурантам справы, які раней пакінуў ПАР і накіраваўся ў Расею.

Для далейшых экспэртызаў сілавікі забралі ў фігурантаў электронныя прыставаньні.

Затрыманых падазраюць у парушэньні Закону аб рэгуляваньні замежнай вайсковай дапамогі 1998 году, паводле якога грамадзянам краіны забараняецца аказваць вайсковую дапамогу іншым дзяржавам або ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях у замежных войсках без дазволу ўладаў. Усе пяцёра паўстануць перад судом у панядзелак, 1 сьнежня.

У ПАР пачалі расьсьледаваньне з прычыны вэрбаваньня грамадзян краіны ў расейскае войска. Bloomberg пісаў, што да гэтага датычная дачка былога прэзыдэнта ПАР Джэйкаба Зумы і дэпутат парлямэнту краіны Дудузіла Зума-Самбудла. Паводле агенцтва, яна завэрбавала каля 20 мужчын, якія ў ліпені адправіліся ў Расею.

Яна запэўнівала іх, што тыя паедуць на курсы падрыхтоўкі целаахоўнікаў, каб у будучыні працаваць у партыі ейнага бацькі. Пасьля гэтага Дудузіла Зума-Самбудла падала ў адстаўку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG